95 гадоў з дня нараджэння Пятра Рашэтніка
Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, сябра Саюзу Беларускай Моладзі, вязень ГУЛАГу Пятро Рашэтнік нарадзіўся 2 чэрвеня 1926 года ў вёсцы Заполле Навагрудскага павету. Вёска Заполле знаходзіцца ў сучасным Навагрудскім раёне, непадалёк больш вядомай Валеўкі. Бацька Рашэтніка працаваў дарожным майстрам у Кашалёўскай гміне.
Пятро Рашэтнік скончыў пачатковую школу ў Заполлі, пасля паступіў у польскую прыватную гімназію ў Навагрудку. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Савецкага саюзу ў верасні 1939 года непрацяглы час вучыўся ў школе ў Навагрудку, але потым перайшоў вучыцца ў Навагрудскую беларускую гімназію, якая пераехала з Вільні і дырэктарам якой першапачаткова быў вядомы беларускі дзеяч Барыс Кіт. Пасля нямецкай акупацыі працягваў вучыцца і скончыў 7-ы клас. У 1942 годзе паступіў у Навагрудскую настаўніцкую семінарыю.
У 1943 годзе Пятро Рашэтнік па прапанове Барыса Рагулі ўступіў у Саюз беларускай моладзі. У 1944 годзе добраахвотна як сябра СБМ паехаў вучыцца ў авіяцыйную школу ў Германіі, але фактычна ягоная група вучылася на электрыкаў і была накіраваная ставіць лініі электраперадач у Аўстрыі, Югаславіі і Германіі. Пасля беларуская моладзь была распушчана і кожны зарабляў на жыццё сам, а Пятро Рашэтнік працаваў у нямецкага фермера ў Баварыі, дзе ён і застаў амерыканскае войска. Разам з іншымі быў перавезены амерыканцамі ў Чэхаславаччыну і перададзены савецкім уладам, якія яго забралі ў Савецкую Армію. Тры гады Рашэтнік служыў у Чэхаславаччыне, Венгрыі і Аўстрыі.
У 1948 годзе Пятра Рашэтніка арыштавалі ў аўстрыйскім горадзе Сантпэльпене. Следства вяла савецкая контрвыведка, у выніку Пятро Рашэтнік быў засуджаны да 25 гадоў зняволення па артыкуле за “здраду Радзіме”. Трапіў у сталінскія канцлагеры на Інце, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з беларускімі нацыянальнымі дзеячамі Янкам Гіньком, Сымонам Раманчуком і іншымі. У 1950 годзе дзякуючы Сымону Раманчуку пазнаёміўся з Ларысай Геніюш, якую тады прыслалі ў лагер. У 1953 годзе Пятро Рашэтнік разам з Міколам Канашам прабраліся праз шахту да жаночага лагеру, каб перадаць запіскі беларускім дзяўчатам і Ларысе Геніюш, а па вяртанні былі затрыманыя аховаю. За гэта іх пакаралі 20 суткамі арышту і трыма месяцамі падаўжэння тэрміну зняволення.
З канцлагераў Пятро Рашэтнік вызваліўся ў верасні 1956 года. Пасля вызвалення вярнуўся на бацькаўшчыну. Жыў у Баранавічах, працаваў токарам. Працягваў сябраваць з Ларысай і Янкам Геніюшамі, іншымі былымі беларускімі палітзняволенымі. У канцы 1990-ых гадоў неаднаразова прыязджаў у Зэльву на Дзень памяці Ларысы Геніюш.
Пятро Рашэтнік (крайні злева) з сябрамі на магіле Янкі Геніюша ў Зэльве, 1980 год
Напрыканцы жыцця заставаўся сапраўдным патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, цікавіўся нацыянальнымі справамі, сустракаўся з маладымі беларускімі патрыётамі. 16 студзеня 2000 года Пятро Рашэтнік удзельнічаў у сустрэчы беларускіх камбатантаў у Гародні, адным з ініцыятараў і арганізатараў таго спаткання быў Зміцер Кісель. Тады ў горад над Нёманам прыехалі беларускія патрыёты, былыя вязні з розных мясцовасцяў Беларусі. Былі на гэтай сустрэчы Іван Дутка, блізкі сябра Рашэтніка, Надзея Дземідовіч, Генадзь Пяткевіч, Кастусь Рамановіч, Алег Табола, Мікола Канаш, Вера Касмовіч, іншыя беларускія ветэраны.
Мікола Канаш і Пятро Рашэтнік
Памёр Пятро Рашэтнік 21 ліпеня 2008 года ў Баранавічах. Пахаванне адбылося 22 ліпеня на баранавіцкіх могілках.
Беларускае Радыё Рацыя