Хакеісты Беларусі прайгралі Расеі на чэмпіянаце свету 0:6
На чэмпіянаце свету па хакеі ў Рызе зборная Беларусі была разгромлена „у сухую” камандай Расеі — 0:6. Пры гэтым пяць шайбаў беларуская каманда прапусціла ў сваю браму ў першым жа перыядзе. Яшчэ адну расейцы закінулі ў трэцяй 20-хвілінцы. Гэта быў заключны матч беларускай зборнай на чэмпіянаце. У групе „А” каманда Міхаіла Захарава, якая набрала чатыры балы, заняла апошняе месца. На перадапошнім апынулася зборная Вялікабрытаніі, якая таксама мае чатыры балы, але выйграла ў беларускіх хакеістаў у асабістай сустрэчы.
Зборная Расеі згуляла ўнічыю з Польшчай у таварыскім матчы
У таварыскім матчы ў рамках падрыхтоўкі да Еўра-2020 зборная Польшчы па футболе сустракалася з нацыянальнай камандай Расіі. Гульня прайшла на стадыёне «Мейскі» ва Уроцлаве і завяршылася нічыёй 1:1. На чацвёртай хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік зборнай Польшчы Якуб Шверчак. Ён атрымаў мяч на лініі брамавай і забіў нізам у блізкі кут. На 21-й хвіліне пасля доўгага закіду паўабаронцы зборнай Расіі Аляксандра Галавіна на далёкую штангу абаронца Вячаслаў Караваеў з блізкай адлегласці пераправіў мяч у сетку ў адзін дотык і зраўняў лік.
Матч абслугоўвала італьянская брыгада арбітраў.
У матчы не ўдзельнічаў галоўны бамбардзір польскай зборнай Роберт Левандоўскі. Паводле галоўнага трэнера Польшчы партугальца Паулу Соаза, Левандоўскі сам папрасіў пакуль не выпускаць яго на поле з-за нядаўняй траўмы. Сёння ж, нагадаю, зборная Беларусі на сталічным футбольным стадыёне «Дынама» згуляе таварыскі матч з Азербайджанам. Пачатак у 19 гадзін паводле беларускага часу.
Футбалісты беларускай маладзёжкі згуляюць з БАТЭ і „Іслаччу”
Падчас перапынку ў нацыянальным чэмпіянаце футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) правядуць у Мінску два кантрольныя матчы з фіналістамі Кубка краіны.
У суботу на поле сталічнага стадыёна „Трактар” падначаленыя Сяргея Ясінскага сустрэнуцца з уладальнікам Кубка Беларусі барысаўскім БАТЭ.
Затым у панядзелак 7 чэрвеня на адным з палёў асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” у Вяснянцы маладзёжная зборная будзе супернічаць з фіналістам кубкавага розыгрышу „Іслаччу” з Мінскага раёна. Раней на 5 чэрвеня ў Жодзіна ў беларускіх футбалістаў быў запланаваны стартавы паядынак адборавага турніру маладзёжнага чэмпіянату Еўропы з камандай Кіпра, але гэтая сустрэча была перанесена на чэрвень наступнага года.
„Сталіца” зраўняла лік ў 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Футбалісты „Сталіцы” зраўнялі лік у паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У Менску „Сталіца” ва ўпартай барацьбе выйграла ў гомельскага ВРЗ 1:0. Пераможны гол на апошняй хвіліне другой паловы сустрэчы забіў Тарас Каралішын. У першым паядынку гэтых сапернікаў у Гомелі ВРЗ адолеў мінчан у серыі пасляматчавых пенальці. Вырашальны паядынак за выхад у фінал адбудзецца ў суботу ў Гомелі.
Анчалоці змяніў Зідана на пасадзе галоўнага трэнера „Рэала”
Італьянец Карла Анчалоці стаў новым галоўным трэнерам іспанскага футбольнага клуба „Рэал”. Італьянскі 61-гадовы спецыяліст змяніў на пасадзе галоўнага трэнера Зінедзіна Зідана, які пакінуў пасаду 27 траўня. У гэтым сезоне „Рэал” заняў другое месца ў чэмпіянаце Іспаніі, у кубку краіны каманда вылецела на стадыі 1/32 фіналу, у Лізе чэмпіёнаў у паўфінале па суме двух матчаў саступіла англійскаму „Чэлсі”.
Анчалоці ўжо працаваў у „Рэале” з 2013 па 2015 год, выйграўшы з камандай некалькі тытулаў. Пад яго кіраўніцтвам яна перамагала ў Кубку Іспаніі, Лізе чэмпіёнаў, Суперкубку УЕФА і клубным чэмпіянаце свету.
Беларускае Радыё Рацыя