Вольга Кавалькова: Беларусь там, дзе мы
Беларусам зараз вельмі цяжка ад тыраніі і дэспатызму лукашэнкаўскага рэжыму, таму яны ловяць кожнае слова кіраўнікоў дэмакратычных сіл у замежжы. Сёння мы пагаворым з госцяй Радыё Рацыя – Вольгай Кавальковай, сябрам прэзідыума Каардынацыйнай рады і сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” пра іх намаганні для пераадолення трагічнай сітуацыі ў Беларусі.
РР: Спадарыня Вольга, перш за ўсё людзей цікавяць стасункі Каардынацыйнай рады з офісам Святланы Ціханоўскай. Людзі лічаць, што трэба быць усім разам, каб не было нейкіх недамоўленасцяў паміж вамі для перамогі ў агульнай справе.
Вольга Кавалькова: У нас кожны тыдзень ZOOM са Святланай, з офісам. Мы абмяркоўваем усе пытанні, праблем няма ў нас.
РР: Вядзеце працу з беларусамі, якія за мяжой, ці ўсё ж такі вы звязаныя цесна з Беларуссю і знутры?
Вольга Кавалькова: Канешне, мы працуем з тымі людзьмі, якія ёсць тут, якія жадаюць дапамагаць, але ў першую чаргу, канешне, наш фокус унутры краіны. Большасць асноўнага складу Каардынацыйнай рады і сяброў знаходзіцца ў Беларусі. Мы таксама падтрымліваем сувязі, абменьваемся парадкам дня і тым, што адбываецца. І, канешне ж, думаем пра тыя праекты, што можам зрабіць у Беларусі менавіта для таго, каб не толькі ціснуць на рэжым, але і фармаваць грамадзянскую супольнасць і рабіць тое, што магчыма для таго, каб яе структараванне адбывалася. Бо толькі моцная грамадзянская супольнасць можа быць моцнай перад выклікам і ўнутраным, і знешнім. І гэта праца, якую трэба рабіць незалежна ад ціску. І па мясцовым самакіраванні, і па прафесійнай групе, па прафсаюзах. Таму гэтая праца вельмі важная, і мы гэта робім.
А тут магчымая дапамога тым праектам, якія робяцца для Беларусі, таму тут людзі далучаюцца таксама актыўна. Кожны хоча дапамагчы.
РР: Ці вялікая зараз дыяспара беларусаў у Варшаве?
Вольга Кавалькова: Вялікая дыяспара беларусаў зараз паўсюль, асабліва ў тых краінах, якія мяжуюць з Беларуссю. Гэта і Украіна, і Польшча, і Літва. Я ведаю, што з Беларусі з’ехала больш за 500 000 чалавек. І гэта, напэўна, самая вялікая міграцыя. На жаль, яна не спыняецца, і людзі вымушаныя з’язджаць у пошуках лепшага жыцця для сябе. І гэта, канешне, з аднаго боку развальвае гэты рэжым, з іншага – развальвае нашу краіну. Бо людзей, якія маюць кампетэнцыі, становіцца ўсё менш. І, канешне, тут для нас гэта вялікі выклік, але мы павінны быць разам. Беларусь там, дзе мы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя