Падзеі ў Беларусі сталі выклікам не толькі для Еўропы, але і для ўсяго свету
Падзеі ў Беларусі сталі выклікам не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету, заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў на сустрэчы з галоўным дарадцам прэзідэнта Літвы па пытаннях нацбяспекі Дарыусам Кулешусам.
Данілаў на чале ўкраінскай дэлегацыі наведваў Літву 31 мая — 1 чэрвеня, паведамляецца на сайце РНБА. Ён прыняў удзел у пасяджэнні дарадцаў па пытаннях нацбяспекі і знешняй палітыкі прэзідэнтаў Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы, а таксама правёў шэраг двухбаковых перамоў.
На перамовах Данілаў і Кулешус абмяняліся меркаваннямі аб бягучай сітуацыі бяспекі ў рэгіёне, у тым ліку „ў кантэксце абвастрэння небяспекі на ўкраінска-беларускай мяжы напярэдадні сумесных ваенна-штабных вучэнняў РФ і Беларусі „Захад-2021″, а таксама нядаўняга захопу самалёта Ryanair у Менску”.
Паводле слоў сакратара РНБА, „захоп самалёта Ryanair у Беларусі мае ўсе прыкметы аперацыі расейскіх спецслужбаў”. „Яны ажыццяўляюць пастаянныя правакацыі, і калі гэтага не заўважаць, яны будуць рухацца далей”, — заявіў ён.
Данілаў падкрэсліў, што Украіна і яе балтыйскія партнёры павінны „дапамагчы станаўленню дэмакратычнай Беларусі”.
У сваю чаргу Кулешус заявіў, што „ацэнка Літвой сітуацыі бяспекі ў рэгіёне супадае з пазіцыяй украінскага боку”. На яго думку, „Расея працягвае дэманстраваць сілу, а Беларусь становіцца для РФ своеасаблівым палігонам”.
23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, здзейсніў вымушаную пасадку ў Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.
Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.
Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвязу. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.
На экстранным пасяджэнні рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 мая было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.
Беларуска-расейскія вучэнні „Захад-2021” плануецца правесці 10-16 верасня на тэрыторыі дзвюх краін. У аснову манеўраў, паводле інфармацыі Мінабароны Беларусі, пакладзены „адзін з варыянтаў паэтапнай эскалацыі ваенна-палітычнага становішча вакол умоўных краін”.
Дэпартамент дзяржбяспекі і Служба выведкі і бяспекі пры Міністэрстве нацыянальнай абароны Літвы ў сумесным дакладзе „Ацэнкі пагроз нацыянальнай бяспекі — 2021” згадваюць вучэнні „Захад” у кантэксце таго, што ваенная актыўнасць Расеі каля межаў Літвы і іншых краін НАТА ў 2021 годзе „яшчэ больш інтэнсіфікуецца”. Літоўскія спецслужбы падкрэслілі, што „ваенная актыўнасць у прымежнай зоне павялічвае рызыку непажаданых інцыдэнтаў”.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю нямецкаму выданню Frankfurter Allgemeine Zeitung (яго пераклад 1 чэрвеня апублікавалі на сайце кіраўніка ўкраінскай дзяржавы) заявіў, што абвастрэнне сітуацыі з Расеяй магчымае ў любы момант да канца верасня, і звязаў гэта з вучэннямі „Захад-2021”.
Ён таксама выказаў асцярогі, што расейская ваенная агрэсія можа праявіцца з боку Беларусі. „Цяпер вельмі небяспечная сітуацыя ў Беларусі. Гэта нашы паўночныя межы. І мы разумеем, што Расея і Беларусь пастаянна разглядаюць і дамаўляюцца аб важным геапалітычным і, верагодна, абаронным пагадненні. Пасля гэтага можа ўзнікнуць сапраўды сур’ёзны ўплыў Расеі і сур’ёзная каардынацыя і кантроль беларускіх узброеных сіл. Тады мы можам разглядаць рызыку і з таго боку. Мы не ведаем дэталяў гэтага дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы [Беларусі і Расеі]”, — заявіў Зяленскі.