Зборная Беларусі прайграла Азербайджану ў таварыскім матчы



Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі прайгралі камандзе Азербайджана ў таварыскім матчы на поле сталічнага стадыёна „Дынама” з лікам 1:2. У першым тайме абедзве каманды так і не стварылі ніводнага галявога моманту. На старце другой паловы матчу беларусы на 56-й хвіліне выйшлі наперад дзякуючы дакладнаму ўдару з 18 метраў капітана каманды Максіма Скавыша. Прапусціўшы мяч, госці адразу кінуліся ў атаку, і на 73-й хвіліне Бадаві Гусейнаў зраўняў лік, двойчы апярэдзіўшы ў барацьбе ў штрафной беларускіх абаронцаў. А на першай кампенсаванай хвіліне гульні пераможны гол забіў Раміль Шэйдаеў.

 

Валейбалісткі зборнай Беларусі саступілі харваткам у матчы залатой Еўралігі

Валейбалісткі зборнай Беларусі саступілі зборнай Харватыі ў стартавым матчы другога тура залатой Еўралігі з лікам 2:3. Самымі выніковымі гульцамі матчу ў беларусак сталі Дар’я Вакулка і Ганна Давыскіба, у якіх на рахунку па 18 ачкоў. Пасля гэтай сустрэчы беларускі займаюць у групе С трэцяе месца з адной перамогай у чатырох матчах. У іх на рахунку чатыры ачкі. Харваткі займаюць другое месца з шасцю пунктамі. Лідыруюць чэшкі – дзевяць ачкоў у трох матчах. У „Фінал чатырох” залатой Еўралігі, які 19-20 чэрвеня пройдзе ў Балгарыі, з квартэта літарай С выходзіць толькі адна команда.

 

Азаранка і Сабаленка выйшлі ў 1/16 фіналу „Ралан Гарос”

16-ы нумар сусветнага рэйтынгу беларуска Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/16 фіналу адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе. Экс-першая ракетка планеты перамагла 18-гадовую датчанку Клару Таусан  – 7:5, 6:4. У паядынку 1/16 фіналу суперніцай беларускі будзе амерыканка Мэдысан Кіз. Таксама ў наступны раўнд прабілася 4-ы нумар сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка, якая  перамагла ў дзвюх партыях яшчэ адну беларуску 103-ю ракетку планеты Аляксандру Сасновіч  – 7:5, 6:3. Наступнай суперніцай Сабаленкі будзе расейская тэнісістка Анастасія Паўлючэнкава.

 

Спартоўцы Берасцейшчыны выйгралі камандны залік Кубка Беларусі па лёгкай атлетыцы

Спартоўцы Берасцейскай вобласці выйгралі камандны залік Кубка Беларусі па лёгкай атлетыцы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Пераможцы набралі 165 ачкоў. Столькі ж на рахунку дружыны Гарадзенскай вобласці, якую ўдалося абысці толькі па дадатковых паказчыках. Замкнулі тройку наймацнейшых спартоўцы Магілёўскай вобласці – 154 ачкі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя