Валер Карбалевіч: Гвалт нават не хаваюць, яго наўмысна дэманструюць
Гвалт пераўтварыўся ў культ. Гэтак пра бягучыя падзеі ў Беларусі выказаўся ў нашым эфіры палітолаг Валер Карбалевіч.
У любой дзяржаве, якая абапіраецца на давер грамадства, гвалт ёсць толькі дадатковым чыннікам улады. Дзяржава мае манаполію на насілле, і гэта яе адрознівае ад іншых недзяржаўных інстытутаў. Але ў Беларусі замест падтрымкі грамадства дзеля захавання ўлады ўжываецца гвалт, заўважае эксперт.
– Прычым гвалт не хаваецца, а наадварот – дэманструецца. Аўтазакі сталі нейкім сімвалам беларускай дзяржавы, асабліва калі на іх яшчэ павесілі дзяржаўны сцяг.
Улады дэманструюць гвалт і за кратамі, і падчас судоў, і гэты гвалт распаўсюджваецца на ўсё новыя слаі грамадства. Аднак гэтае «сядзенне на штыках» адбіваецца і на сілавіках.
– Там таксама не ўсё соладка, калі іх пастаянна правяраюць на паліграфе, калі правяраюць наяўнасць тэлеграм-каналаў, правяраюць тэлефоны. Яны таксама знаходзяцца пад кантролем.
Можна дадаць і абмежаванні на выезд за мяжу для сілавікоў і іх блізкіх. І гэта лагічны працяг той сістэмы, якая створаная ў краіне, заключае Валер Карбалевіч.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя