Затрыманая Вольга Верамеенка (абноўлена)



У гарадзенскую краму «Адметнасць» прыйшоў АМАП. Раніцай туды ўжо наведваліся людзі з аддзела ідэалогіі гарвыканкама і прасілі прыбраць нейкі тавар, які не адпавядае Закону аб рэкламе.

Зноў ўзніклі прэтэнзіі да белых і чырвоных колераў і да тавараў, якія нібыта «парушаюць палітычныя правы грамадзянаў». Якія гэта тавары – прадстаўнік аддзела ідэалогіі не называе. Як паведаміла грамадскае аб’яднанне „Беларуская асацыяцыя журналістаў” цяпер у рэдакцыі Hrodna.life АМАП. Там знаходзяцца галоўны рэдактар Аляксей Шота і тры супрацоўнікі. Пра гэта паспела паведаміць журналістка Надзея Вішнеўская. Больш на сувязь пакуль ніхто не выходзіць.

З Гародні паведамляе наш карэспандэнт Сяргей Апановіч:

– У гарадзенскай краме „Адметнасць” быў ператрус. Шасцёра прадстаўнікоў гарадзенскага АМАПа на чале з Краўцэвічам прыехалі, каб забраць усё з крамы, што было бел-чырвона-белага нацыянальнага колеру, тое, што таксама было з „Пагоняй”. У гэты час у рэдакцыі былі заблакаваныя чатыры журналісты „Гродна лайф”, іх цягам паўтары гадзіны трымалі і не выпускалі, не дазвалялі карыстацца тэхнікай. Прадстаўніцу гарадзенскай крамы „Адметнасць” Вольгу Верамеенку забралі на дагляд у яе хаце і павезлі ў Ленінскі РАУС Гародні, ёй інкрымінуюць артыкул па пікетаванні.

***

Гарадзенская крама „Адметнасць” апынулася пад пільным наглядам ідэолагаў, адзін з якіх наведаў краму з праверкай.

Вольга Верамеенка не разумее сэнсу яго візіту:

– Калі я спыталася, хто ён, ён сказаў: аддзел ідэалогіі. Ён запытаўся ў нас, чаму мы не выконваем іхняе прадпісанне. Якое прадпісанне? А ён сказаў, што 14 траўня яны адаслалі нам ліст, але мы яго не атрымалі. Тады ён паказаў копію гэтага ліста, у якім напісана, што падстаў для адмены прадпісання няма.

Па словах Вольгі Верамеенкі, прадпісанне да крамы было яшчэ ў красавіку, і крама напісала просьбу аб тлумачэнні гэтага дакумента:

– Нам было выпісана прадпісанне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў заканадаўства аб рэкламе, пункт трэці. Там напісана, што ў нас утрымліваецца інфармацыя, якая парушае палітычныя ды іншыя перакананні грамадзян. Мы адказалі на гэта. Там было прадпісана, што трэба прыбраць тавары, якія парушаюць закон. Але якія гэта тавары, было незразумела з таго прадпісання. Таму мы адказалі і аддзелу ідэалагічнай работы, і таксама напісалі скаргу на імя старшыні Гарадзенскага гарвыканкама Гоя.

“Адметнасць” засталася адзінай крамай на Гарадзеншчыне, якая гандлюе нацыянальнымі сімваламі і вырабамі мясцовых рамеснікаў, таму ў краме некалькі разоў на месяц адбываюцца розныя праверкі ды маніторынгі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча