У Віцебску арыштаваны Барыс Хамайда і ягоны бел-чырвона-белы парасон



Найстарэйшага віцебскага апазіцыянера чарговы раз забралі ў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёна.

Затрыманне адбылося каля так званага “сіняга дома” – дома №28 па вуліцы Леніна, дзе Барыс Хамайда распаўсюджвае беларускамоўныя выданні. Міліыцыянты выказалі прэтэнзіі  да бел-чырвона-белага парасона, пад якім заўжды стаіць распаўсюднік, і да бел-чырвона-белай стужкі, якой ён аздабляе сваё “працоўнае месца”. Пра гэта праз тэлефон паспеў паведаміць сам Барыс Хамайда:

–  Забралі стужку і забралі парасон. Я тут аднаго з намеснікаў начальніка спытаў: “Колькі ж мне ў вас сядзець? І чаму забралі мае рэчы, фактычна скралі. Дзе пра гэта пратакол?” Ён сказаў: “Чакайце, вам усё прынясуць”. І яшчэ сказаў, што яны арыштаваныя – і стужка, і парасон.

Неўзабаве пасля гэтай размовы апазіцыянер перастаў выходзіць на сувязь, ягоны тэлефон адключаны. Падчас затрымання два дні таму Барыс Хамайда ўжо казаў пра тое, што міліцыянтам не падабаюцца ягоныя аксесуары, і што яго прымушалі падпісаць папярэджанне пра адміністрацыйную адказнасць за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Бел-чырвона-белы парасон распаўсюдніка мог падацца міліцыянтам асабліва “крамольным” яшчэ і таму, што сёння ў Віцебску праходзіла сустрэча  кіраўніка Службы знешняй выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна і старшыні КДБ Івана Церцеля. Найхутчэй, Барыс Хамайда затрыманы паводле абвінавачання ў несанкцыянаваным пікетаванні, і найбліжэйшымі днямі яго чакае суд.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск