Лідар жаночага рэйтынгу Эшлі Барці знялася з „Ралан Гарос”



Аўстралійка Эшлі Барці, пераможца „Ралан Гарос”-2019, пакідае турнір.

Першы нумар сусветнага рэйтынгу робіць гэта па выніках матчу другога круга супраць Магды Лінэт з Польшчы (N45 ВТА), які не змагла завяршыць з-за траўмы левага сцягна. Такім чынам, Арына Сабаленка, якая мае трэці нумар пасеву, з гэтага часу з’яўляецца самай рэйтынгавай тэнісісткай спаборніцтваў.

Беларуска Ірына Шымановіч (426-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў 1/4 фіналу турніру ITF у расейскай Казані. У матчы 1/8 фіналу наша суайчынніца перайграла другую сеяных расейку Анастасію Захараву (258 ВТА) з лікам 6:4, 6:3.

Фінал Кубка Амерыкі пройдзе на „Маракане”

Фінальны матч Кубка Амерыкі адбудзецца 10 ліпеня на стадыёне „Маракана” у Рыа-дэ-Жанейра. Турнір пройдзе ў Бразіліі з 13 чэрвеня па 10 ліпеня. Кубак Амерыкі павінен быў прайсці ў Калумбіі і Аргентыне. Калумбія была пазбаўленая гэтага права з-за масавых пратэстаў у краіне, а Аргентына з-за эпідэміялагічнай сітуацыі.

Беларускія арбітры рассудзяць матч футбалістаў Расеі і Балгарыі

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) прызначыў арбітраў на чарговыя кантрольныя матчы ўдзельнікаў чэмпіянату Еўропы. Таварыскі паядынак зборнай Расеі і Балгарыі, які адбудзецца 5 чэрвеня на маскоўскім стадыёне „Дынама”, будзе судзіць беларуская брыгада на чале з рэферы ФІФА Аляксеем Кульбаковым. Яго асістэнтамі будуць Дзмітрый Жук і Алег Маслянка, рэзервовы арбітр – Дзмітрый Дзмітрыеў.

Раман Юзэпчук ​​пяройдзе ў „Ахмат”

Паўабаронца берасцейскага „Руху” Раман Юзэпчук ​​падпіша кантракт з „Ахматам”, паведамляе football.by. 23-гадовы футбаліст у гэтым сезоне правёў 11 матчаў у чэмпіянаце Беларусі, у якіх не адзначыўся выніковымі баламі.

Канстанцін Кальцоў увайшоў у трэнерскі штаб „Спартака”

Канстанцін Кальцоў увайшоў у трэнерскі штаб маскоўскага „Спартака”. Мінулы сезон Кальцоў правёў на пасадзе галоўнага трэнера маладзечанскага „Дынама”. Хакейнай камандзе ўдалося дайсці да чвэрцьфіналу чэмпіянату Беларусі. Раней Кальцоў два гады працаваў асістэнтам галоўнага трэнера ў менскім „Дынама”, затым трэніраваў хакеістаў „Берасця”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by