Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская выйграла золата



Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая спецыялізуецца ў бегу на спрынтарскіх дыстанцыях, выйграла золата на міжнародным турніры ў аўстрыйскім Санкт-Пельтэне. У фінальным забегу на 100 метраў беларуска фінішавала з часам 11,22 секунды. Гэта быў першы старт беларускі ў летнім сезоне.

Сасновіч завяршыла выступы на „Ралан Гарос”

Беларуска Аляксандра Сасновіч і ўкраінская тэнісістка Марта Касцюк у першым раўндзе парнага разраду саступілі латвійска-румынскаму тандэму Алена Астапенка / Моніка Нікулеску – 0:6, 3:6. У жаночым адзіночным разрадзе з чатырох прадстаўніц Беларусі ў гульні засталіся дзве тэнісісткі. Чацвёртая ракетка свету Арына Сабаленка і экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка.

Валейбалісткі Беларусі саступілі вугоркам у матчы залатой Еўралігі

Валейбалісткі Беларусі саступілі вугорскай дружыне ў другім матчы другога тура залатой Еўралігі з лікам 0:3. Самай выніковай у беларусак стала Ганна Давыскіба, якая набрала 10 ачкоў. Такім чынам, каманда Дзяніса Матвеева замыкае турнірную табліцу групы С з адной перамогай у пяці сустрэчах. Сёння беларуская жаночая зборная правядзе заключны матч на турніры супраць зборнай Чэхіі.

Жаночая зборная Беларусі па баскетболе пацярпела паразу ад каманды Чэхіі ў спарынгу

Жаночая зборная Беларусі ў таварыскім матчы саступіла камандзе Чэхіі — 59:71. Самымі выніковымі гульцамі сустрэчы ў складзе ў беларусак сталі Анастасія Верамеенка, якая набрала 15 ачкоў, 8 падбораў, 1 перахоп, 1 перадача і 1 блок-шот) і Марыя Папова (14 ачкоў, 5 падбораў ды 3 перадачы.

Хакеісты Канады, Фінляндыі, ЗША і Нямеччыны выйшлі ў паўфінал ЧС у Латвіі

На чэмпіянаце свету па хакеі ў Рызе прайшлі чвэрцьфінальныя матчы. У спрэчцы расійскіх і канадскіх хакеістаў мацнейшымі былі паўночнаамерыканцы – 2:1. У авертайме нападнік Эндру Манджыапанэ ўсталяваў канчатковы лік матчу. Расейцы пацярпелі чацвёртую паразу запар ад канадцаў у рамках чэмпіянатаў свету па хакеі. Зборная Фінляндыі абыграла Чэхію -1:0. Нямеччыны перамагла ў авертайме швейцарцаў – 3:2. Хакеісты ЗША не пакінулі шанцаў славакам — 6:1. Такім чынам, у паўфінальных паядынках чэмпіянату свету згуляюць амерыканцы і немцы, а таксама канадцы і фіны, якія абараняюць тытул чэмпіёнаў свету.

Леанід Кучук растаецца з менскім „Дынама”

Па пагадненні бакоў скасавана працоўнае пагадненне з галоўным трэнерам мінскага футбольнага „Дынама” Леанідам Кучуком, а таксама прадстаўнікамі яго штаба. Леанід Кучук заняў пасаду галоўнага трэнера асноўнага складу бела-сініх у красавіку мінулага года. Арцём Чалядзінскі прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера.

Партугальцы і немцы сталі фіналістамі моладзевага чэмпіянату Еўропы

Фіналістам моладзевага чэмпіянату Еўропы (U-21) па футболе стала зборная Партугаліі. У славенскім Марыборы партугальцы адолелі каманду Іспаніі з мінімальнай перавагай – 1:0. На 80-й хвіліне сустрэчы абаронца іспанцаў Хорхе Куэнка зрэзаў мяч у сваю брамку.

Супернікам партугальцаў будуць немцы, якія абыгралі зборную Нідэрландаў 2:1. Фінальны паядынак за золата 23-га маладзёжнага Еўра адбудзецца 6 чэрвеня ў славенскай Любляне.

Беларускае Радыё Рацыя