МЗС Латвіі заклікаў жыхароў рэспублікі ўстрымацца ад паездак у Беларусь
Міністэрства замежных спраў Латвіі заклікае жыхароў устрымацца ад няважных паездак у Беларусь пасля таго, як суседняя краіна зрабіла больш жорсткімі правілы перасячэння мяжы, каб абмежаваць выезд з рэспублікі. Пра гэта ў чацвер паведаміў прэс-сакратар МЗС Яніс Бекерыс, піша ТАСС.
„Прымаючы пад увагу сітуацыю з бяспекай, асабліва заклікаем ацаніць неабходнасць паездак у Беларусь. Акрамя таго, строгія правілы міграцыі былі зробленыя яшчэ больш жорсткімі. Яны могуць закрануць і нашых падданых, і беларусаў, у якіх ёсць пастаянны від на жыхарства ў Латвіі”, — сказаў ён у інтэрв’ю Латвійскай тэлевізіі.
„Цяперашні парадак прадугледжвае, што з Беларусі змогуць выехаць тыя людзі, у каго ёсць дазвол на доўгатэрміновае пражыванне ў іншай краіне, але не часцей, чым раз на паўгода. Таму МЗС абнавіў папярэджанне для падарожнікаў, з нормамі можна азнаёміцца на нашай старонцы”, — дадаў ён.
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі 31 траўня паведаміў, што для грамадзян гэтай краіны і замежнікаў, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў Беларусі, выезд часова абмежаваны.