Марыю Калеснікаву ў СІЗА здымала дзяржаўнае тэлебачанне



Члена прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыю Калеснікаву, якая знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менска, 3 чэрвеня здымала дзяржаўнае тэлебачанне, паведамляе тэлеграм-канал экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.

„Марыя, вядома, на гэта згоды не давала”, — гаворыцца ў паведамленні.

У гэты ж дзень у праграме „Маркаў. Нічога асабістага” на тэлеканале ОНТ выйшла інтэрв’ю з затрыманым 23 мая Раманам Пратасевічам — актывістам і рэдактарам тэлеграм-каналаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі.

У інтэрв’ю ён прызнаў сваю віну паводле артыкула 342 КК (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама расказаў пра чат, у якім абмяркоўваўся план акцый пратэсту, і назваў прозвішчы ўдзельнікаў чата. Ён расказаў пра канфлікты паміж апазіцыйнымі штабамі, пра ўмовы жыцця, кватэры і дамах, у якіх жывуць дэмакратычныя лідары, а таксама ўвогуле — аб фінансаванні іх дзейнасці і ўцягнутасці ў гэта еўрапейскіх дзяржаў.

Бацька Пратасевіча ўпэўнены, што яго сына прымусілі даць такое інтэрв’ю. Ён лічыць, што на Рамана рабілі націск, і не выключае выкарыстанне псіхатропаў. Паводле слоў бацькі, па твары сына відаць, што на працягу інтэрв’ю ў яго ішла ўнутраная барацьба паміж тым, што ён хоча сказаць і што павінен.

„Наш сын у следчым ізалятары КДБ. Там знаходзяцца людзі пад вялікім націскам. На іх робяць і фізічны, і псіхалагічны націск. Усе, хто знаходзяцца там, чамусьці вельмі хутка даюць прызнанні. Ведаючы нашага сына, мы можам сказаць, што ўсё, што кажа Раман, ён кажа не сам”, — заявіў Дзмітрый Пратасевіч у інтэрв’ю тэлеканалу „Дождь”.

„Няўжо вы думаеце, што Раман, знаходзячыся ў цвярозым розуме і памяці, на 180 градусаў можа змяніць пазіцыю, якую ён займаў месяц таму, два месяцы таму? Рэжысёры добра працуюць, добра паказваюць, але верыць у гэты фільм нельга”, — падкрэсліў бацька блогера.

Ён звярнуў увагу на тое, што на запясцях яго сына бачныя гематомы ад доўгага нашэння кайданкоў, а таксама адзначыў, што да Рамана не пускаюць адваката і лекараў.

belapan.by