Першую групу фігурантаў “пінскай справы” этапавалі ў Баранавічы



Першую групу фігурантаў “пінскай справы”, гэта чатырнаццаць чалавек, этапавалі з Берасцейскага СІЗА №7 у Баранавіцкі следчы ізалятар. Усе яны абскарджваюць рашэнне суддзі Яўгена Брэгана, які пакараў іх тэрмінамі зняволення ад 5,5 да 6,5 гадоў за ўдзел у стыхійным мітынгу ў першую паслявыбарчую ноч у Пінску.

Праваабаронца Алесь Рамановіч кажа, што чакаць разгляду апеляцыі трэба напрыканцы чэрвеня:

– Яны зараз чакаюць пакуль будзе апеляцыя. Пасля таго, як будзе апеляцыя ў Берасцейскім абласным судзе, прысуд ужо набудзе канчатковую сілу, і яны будуць адпраўленыя па калоніях. Думаю, што ў гэтым месяцы, хутчэй за ўсё, пакуль яшчэ не прызначаны дзень. Я думаю, што ўсе прысуды застануцца такія, якія і прызначыў суд Маскоўскага раёна горада Берасце.

Акрамя вялікіх тэрмінаў, пінчукі не згодныя з сумамі маральных кампенсацый, якія ім выставілі сілавікі. Агульная лічба выплат складае звыш 230 тысяч рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя