„Газета Слонімская” спыняе выхад у друкаваным выглядзе
ГАУПП „Гродзенская друкарня” больш не будзе друкаваць „Газету Слонімскую”. Пра гэта прадпрыемства праінфармавала рэдакцыю 1 чэрвеня, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
„Гэтым паведамляем вам, што ў ГАУПП „Гарадзенская друкарня” ў сувязі з аб’ёмам загрузкі і высокай ступенню зносу газетнай друкаванай машыны графік выхаду газет на 2021 год сфармаваны да канца года. Зыходзячы з вышэйсказанага, друк газеты „Газета Слонімская” не ўяўляецца магчымым”, — гаворыцца ў паведамленні.
Рэдакцыя супрацоўнічала з Гарадзенскай друкарняй восем гадоў. Брэсцкая і Пінская друкарні адмовіліся друкаваць „Газету Слонімскую” і рэкламную газету „Отдушина”, спаслаўшыся на загружанасць вытворчасці і шчыльны графік друку, сфармаваны ў пачатку года, адзначае БАЖ.
9 лістапада 2020 года выпуск грамадска-палітычнай „Газеты Слонімскай” і рэкламнага выдання „Отдушина” быў прыпынены на паўгода. Такое рашэнне было прынятае пасля таго, як падчас вобшуку ў лістападзе сілавікі канфіскавалі ўсю тэхніку ў рэдакцыі і дома ў выдаўца і дырэктара.
У пачатку траўня 2021 года рэдакцыя накіравана апавяшчэнне ў Міністэрства інфармацыі аб аднаўленні выпуску „Газеты Слонімскай” і газеты „Отдушина”. 24 мая Мінінфарм унёс абодва выданні ў рэестр друкаваных СМІ.
Праблемы з друкам і распаўсюджваннем зведваюць многія беларускія незалежныя выданні. Акрамя „Газеты Слонімскай” за апошні год яшчэ пяць газет спынілі выхад у друкаваным выглядзе ў сувязі з тым, што не могуць знайсці друкарню: „Народная Воля”, „Свободные новости плюс”, „Белгазета”, Intex-press і „Брестская газета”.