Святлана Ціханоўская сустрэлася з галадаючымі беларусамі ля сцен Еўракамісіі ў Варшаве
У першы дзень візіту ў Польшчу лідар дэмакратычнай грамадскасці Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з галадаючымі беларусамі ля сцен Еўракамісіі ў Варшаве.
Размова з удзельнікамі акцыі была ціхай, можна сказаць, прыватнай. Святлана Ціханоўская пацікавілася станам здароўя галадаючых, падзякавала ўдзельнікаў акцыі за ахвяру здароўем дзеля вызвалення Радзімы ад карнага рэжыму Лукашэнкі і папрасіла спыніць галадоўку:
Святлана Ціханоўская: Дзяўчаты спыняйцеся. Я вельмі вамі ганаруся. Дзякуй вам вялікі.
– Вы ведайце, што ў вас ёсць моцная каманда. Мы можам у любы момант уключыцца.
Святлана Ціханоўская: Восем мільёнаў мая каманда.
У сваю чаргу галадоўшчыкі папрасілі Ціханоўскую падпісаць петыцыю ў Еўракамісію з патрабаваннем санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі:
– Для звароту ў Еўракамісію нам неабходна было сабраць 3 тысячы подпісаў. Мы хацелі, каб апошні подпіс быў за вамі.
Пасля наведвання галадаючых картэж Ціханоўскай накіраваўся на Замковую плошчу сталіцы. Там яе чакалі, па прыкладным падліку, больш за тысячу чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя