Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе
Вікторыя Азаранка (16-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прабілася ў 1/8 фіналу адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе. У матчы 1/16 фіналу беларуска перамагла ў двух партыях амерыканскую тэнісістку Мэдысан Кіз (24) – 6:2, 6:2. Наступнай саперніцай Вікторыі Азаранкі будзе расейская тэнісістка Анастасія Паўлючэнкава (32), якая сёння перамагла чацвёртую ракетку свету беларуску Арыну Сабаленка – 6:4, 2:6, 6:0.
Беларуска Ірына Шымановіч (426-ы нумар рэйтынгу ВТА) выбыла ў 1/4 фіналу турніру ITF у Казані. Наша суайчынніца саступіла расейцы Уладзі Коваль – 6:3, 0:6, 5:7.
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” згуляюць у Кубку Расеі
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” згуляюць у Кубку Расеі. Каманда з горада калійшчыкаў атрымала запрашэнне згуляць у сезоне-21/22 у папярэдняй частцы дадзенага турніру. Плануецца, што матчы адбудуцца ў верасні бягучага года.
Вячаслаў Ляўчук пакінуў пасаду галоўнага трэнера
Рэчыцкі ФК „Спадарожнік” афіцыйна паведаміў, што Вячаслаў Ляўчук пакінуў пасаду галоўнага трэнера клуба. Рашэнне спыніць супрацоўніцтва прынята па згодзе бакоў. Ляўчук узначаліў клуб у ліпені 2018 года і за тры гады вывеў „Спадарожнік” з другой лігі ў вышэйшую, у 2020 годзе з адрывам выйграў чэмпіянат у першай лізе. Новым галоўным трэнерам „Спадарожніка” стаў расейскі спецыяліст Віктар Кумыкоў. Разам з карагандзінскім „Шахцёрам” двойчы выйграў чэмпіянат, выйграў Кубак і Суперкубак Казахстана. Тройчы быў прызнаны „трэнерам года” ў Казахстане.
Матч футбалістаў Беларусі і Сьера-Леонэ адменены
Таварыскі матч футбольных зборных Беларусі і Сьера-Леонэ, які павінен быў адбыцца 7 чэрвеня ў Гародні, адменены. У канцы мінулага тыдня ў федэрацыі футбола Сьера-Леонэ адбыліся выбары, пасля якіх змянілася кіраўніцтва. Яшчэ да гэтага, нягледзячы на падпісаны кантракт аб правядзенні гульні з беларусамі, прадстаўнікі афрыканскай краіны перасталі выходзіць на сувязь з АБФФ і УЕФА. Толькі цяпер беларускі бок атрымаў апавяшчэнне ад Афрыканскай канфедэрацыі футбола, што зборная Сьера-Леонэ ў Беларусь не прыедзе.
Беларускі экіпаж байдаркі-чацвёркі выйграў золата ЧЕ-2021 на дыстанцыі 1000 метраў
У Познані праходзіць чэмпіянат Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ. Беларускі экіпаж байдаркі-чацвёркі ў складзе Паўла Мядзведзева, Іллі Федарэнка, Кірылы Нікіціна і Віталя Бялько заваяваў залаты медаль на дыстанцыі 1000 метраў, срэбра – у Венгрыі. Расейцы сталі трэцімі.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
