Агляд прэсы: карагоды палітыкі



Як правільна немцам называць Беларусь? Ізраіль: якія шанцы антынетаньяхаўскай кааліцыі? Зруйнавальны вердыкт для Пуціна: Расеі трэба пераасэнсаваць сябе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Нямецкая газета Die Welt задалася нечаканым пытаннем: ці варта і надалей выкарыстоўваць тапонім Weissrusland (ням. «Белая Расея»), які выкарыстоўваўся для абазначэння краіны, якую правільна трэба называць Belarus (Беларусь). Нават міністэрства замежных спраў Германіі да гэтага часу часам выкарыстоўвае старую назву.

«Большасць немцаў толькі пасля 2020 года ўсвядомілі, што краіна, якая знаходзіцца ўсяго ў некалькіх сотнях кіламетраў ад усходняй мяжы Нямеччыны і правільная назва якой «Беларусь», не з’яўляецца часткай Расеі. Але наўрад ці хто-небудзь з іх ведае, што сённяшняя Беларусь раней звалася ў Германіі Вялікае княства Літоўскае, распасціралася ў свой час ад Балтыйскага да Чорнага мора і вызначала з XIV-га стагоддзя лёсы Усходняй Еўропы», – адзначае Die Welt.

На думку нямецкага выдання поўная замены Weißrussland на Belarus павялічыць шанцы беларускай апазіцыі знайсці ў Германіі саюзнікаў для сваёй краіны і паменшыць атаесаямленне краіны з натуральнай зонай уплыву Расеі.

 

Дзеючы прэм’ер-міністр Ізраіль Біньямін Нетаньяху ў сваім Twitter-акаўнце заклікаў дэпутатаў Кнэсета галасаваць супраць прапанаванай урадавай кааліцыі, аб утварэнні якой абвясціў у сераду лідар апазіцыі Яір Лапід. Новаспечаных кааліцыя абапіраецца ў парламенце на невялікую перавагу галасоў: 61 са 120. Ці стане новы ўрад правадніком пераменаў у краіне і ці сапраўды Нетаньяху прыйдзецца вызваліць крэсла кіраўніка кабінета пасля дванаццаці гадоў ва ўладзе? Еўрапейская прэса настроена скептычна.

«Ёсць мноства прыкладаў таго, што стварэнне шырокай кааліцыі выключна на аснове супрацьстаяння агульнаму суперніку не працуе на практыцы», – піша чэшскае выданне Hospodářské noviny.

«Можна ўзяць прыклад Славакіі, дзе кааліцыйны праект выклікаў працяглы крызіс. А галоўнай мэтай праекту было адхіленне ад улады Роберта Фіцо і яго партыі «Курс – сацыяльная дэмакратыя». Ілюзія супрацоўніцтва паміж палітыкамі славацкіх партый пратрымалася менш за год, перш чым яна была знішчана на корані неўтаймаваным эга прэм’ер-міністра Ігара Матовіча. Аказалася, што наяўнасці «агульнага ворага» у якасці найменшага агульнага назоўніка недастаткова для таго, каб абсалютна розныя і разрозненыя палітычныя сілы змаглі сфармуляваць і ператварыць у жыццё агульную павестку», – адзначае чэшскае выданне.

 

«Пры Уладзіміру Пуціну самая вялікая па плошчы краіна Зямлі моцна адстала ад іншых. Расеі неабходна змена курсу. А пакуль яна поўным ходам рухаецца ў тупік», – піша нямецкае выданне Handelsblatt.

Выданне адзначае, што Расеі тэрмінова патрэбна новая бізнэс-мадэль, таму што цяперашняя пагрозліва дасягнула межаў росту. Толькі ў адным Расея перагнала амаль усіх: у справе інфляцыйнага абясцэньвання нацыянальнай валюты. «Нядаўна Крэмль уключыў ЕЗ- найбуйнейшага гандлёвага партнёра Расеі – у спіс «недружалюбных дзяржаў» разам з ЗША. Пры гэтым маскоўскія эксперты з міністэрства фінансаў назвалі складаную геапалітычную сітуацыю апошніх гадоў «адной з галоўных прычын эканамічнай слабасці Расеі» Калі б Крэмль зараз змяніў курс, эканоміка краіны магла б расці значна хутчэй за сусветную. Але адбываецца адваротнае: Расея імкнецца аддзяліцца ад Захаду і пабудаваць эканамічную вось з Кітаем», – піша Handelsblatt.

 

«Апошнія дадзеныя пра інфляцыю коштаў на прадукты харчавання сведчаць пра трывожную тэндэнцыю. Эксперты асцерагаюцца, што гэта можа прывесці да сацыяльных хваляванняў у краінах з пераходнай эканомікай і ў краінах, якія развіваюцца», – піша швайцарскае выданьне Neue Zürcher Zeitung.

«У траўні ва ўсім свеце цэны на харчовыя тавары і сыравіну дасягнулі максімуму за апошнія дзесяць гадоў», – перадае выданне. – «У кароткатэрміновай перспектыве пэўную ролю могуць адыграць вынікі пандэміі, моцная засуха ў Бразіліі або рост попыту на алей для вытворчасці біядызелю. З-за высокіх коштаў на нафту і недахопу магутнасцяў у суднаходстве ў сістэме назіраецца значны коштавы ціск у бок падвышэння. У большай ступені ад гэтага пацерпяць бяднейшыя краіны, якія залежаць ад імпарту асноўных прадуктаў харчавання або дзе насельніцтва марнуе вялікую частку свайго даходу на прадукты харчавання – такія як Нігерыя, Індыя, Расея, Тайланд, Мексіка і Турцыя».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя