„БПС-Ашчадбанк” плануе пераехаць



Група расейскага „Ашчадбанка” актыўна дабудоўвае комплекс будынкаў на праспекце Незалежнасці ля цырка ў Менску. Вясной 2022 года ў адзін з будынкаў плануе пераехаць штаб-кватэра „БПС-Ашчадбанка”, які неўзабаве будзе насіць назву „Сбер Банк”. Пра гэта паведаміў старшыня праўлення банка Ігар Мяркулаў 5 чэрвеня падчас „Зялёнага марафону” у Менску, перадае прэс-служба „БПС-Ашчадбанка”.

Фота: БПС-Ашчадбанк / btw.by

Комплекс перайшоў да групы „Ашчадбанка” пасля таго, як забудоўшчык не здолеў выканаць свае абавязацельствы. Новы ўладальнік пагасіў даўгі на 50 млн долараў, якія назапасіліся ў ранейшага ўласніка перад банкамі.

„Група „Ашчадбанк” уважліва ставіцца да сваіх абяцанняў. Актыўная фаза будаўніцтва пачалася летась. Зараз тут кожны дзень працуе 450-500 чалавек. Комплекс павінен быць здадзены да снежня 2022 года. Мы рухаемся згодна з планам”, — адзначыў Мяркулаў.

У сакавіку наступнага года ў адзін з будынкаў, як плануецца, пераедзе штаб-кватэра „БПС-Ашчадбанка”. Да гэтага моманту ён ужо будзе называцца „Сбер Банк”. Рашэнне пра перайменаванне прыняў на днях сход акцыянераў банка.

Комплекс будынкаў на беразе Свіслачы першапачаткова планавалі адкрыць да чэмпіянату свету па хакеі ў траўні 2014 года. Паведамлялася, што ён будзе належаць сетцы гатэляў „Кемпінскі”. Замоўцам будаўніцтва выступала СТАА „Эліт эстэйт”, заснаванае беларускай кампаніяй „Трайпл” і маскоўская фірма „Сіці эстэйт”. Для будаўніцтва гасцініцы быў знесены помнік архітэктуры — першая беларуская электрастанцыя, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі.

Ужо пасля пачатку будаўніцтва тэрмін заканчэння работ — 31 снежня 2013 года — быў перанесены на 1 траўня 2014 года, а затым на 31 снежня 2015 года. Пасля будоўлю замарозілі.

У жніўні 2015 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мае намер „самым жорсткім чынам падштурхнуць” завяршэнне будаўніцтва комплексу. Ён адзначыў, што ўзвядзенне аб’екта з’яўляецца для яго „балючым пытаннем”. У ліпені 2016 года Лукашэнка ўказам распарадзіўся завяршыць будаўніцтва да канца 2018 года.

Будаўнічыя работы на аб’екце аднавіліся ў кастрычніку 2017 года. Дабудаваць комплекс узяўся расейскі „Ашчадбанк”. Указам Лукашэнкі ад 10 красавіка 2018 года будаўніцтва комплексу было працягнутае да канца 2020 года. Расейскі банк пагасіў праблемную запазычанасць у 50 млн даляраў перад камерцыйнымі банкамі, якія фінансавалі будаўніцтва элітнага гатэля.

belapan.by