Павел Латушка: Мы будзем змагацца за свабоду ў Беларусі



З лідарам Народнага антыкрызіснага кіравання і адным з арганізатараў пратэстаў на мяжы з Беларуссю Паўлам Латушкам размаўляў наш карэспандэнт Стась Дадэрка.

РР: Што адбываецца цяпер у намётавым гарадку?

Павел Латушка: Сённяшні дзень прысвечаны культурнай тэматыцы. Шмат беларускіх артыстаў, якія вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі, даюць тут канцэрты на адкрытай пляцоўцы каля памежнага пераходу ў Бераставіцы. Так што ўсіх ахвотных берастачан мы запрашаем сюды, далучацца да нас і палякаў, беларусаў, усіх, каму неабыякавы лёс Беларусі. Атмасфера  вельмі цудоўная, надвор’е таксама.

РР: Колькі там зараз, па вашых ацэнках, чалавек сабралася? Як прайшла мінулая ноч?

Павел Латушка: За мінулы дзень больш за 200 чалавек прайшло праз акцыю. Людзі прыязджаюць, ад’язджаюць, перадусім гэта беларускія мігранты, якія выехалі апошнім месяцам, таксама ёсць і палякі. Сёння ў намётавым гарадку начавала больш за 50 чалавек. Ля вогнішча людзі сядзелі фактычна да раніцы, кожны апавядаў свае гісторыі і, сапраўды, гэта было вельмі кранальна. Расказвалі маладыя хлопцы, якія  сядзелі на Акрэсціна, расказвалі кабеты паважанага ўзросту пра тое, што ў іх чатыры адміністрацыйныя справы, як яны змагаліся ў малых гарадах, нават у вёсцы. Адна жанчына расказвала, як яна ў вёсцы мітынгавала і была вымушаная пад ціскам міліцыі з’ехаць у Польшчу. Вельмі кранальныя і душэўныя такія гісторыі. Важна, што людзі сабраліся разам і ім сапраўды гэта патрэбна.

РР: Як паводзіць сябе польская паліцыя? Мне калега казала, што  ўчора бачыла трох паліцыянтаў, якія назіралі за гэтай акцыяй.

Павел Латушка: Паліцыя толькі не дазваляе выходзіць на праезную частку, таму што  зараз мы рыхтуем, а пазней ужо пяройдзем да блакавання дарогі. Але вельмі станоўча, вельмі прыхільна. Дарэчы, заканадаўства Польшчы, у адрозненне ад Беларусі, прадугледжвае толькі заяўны парадак.  Мы можам падаць заяўку на правядзенне гэтай акцыі і ўжо фактычна праз дзень пачынаць яе нават на мяжы. Што тычыцца блакавання дарог, то тут трэба больш часу. Мы атрымалі такую згоду, таму ўсіх, каму неабыякавы лёс Беларусі, запрашаю ў аўторак прыехаць і быць на мяжы, каб паказаць Лукашэнку і рэжыму, што беларусы змагаюцца, яны не здаюцца. Мы тут у больш бяспечнай сітуацыі. Таму вельмі  важна быць разам. Шмат мы можам казаць слоў, пісаць у Фэйсбуках, у сацыяльных сетках, тэлеграм-каналах, але шмат залежыць ад нашых дзеянняў. Дык вось вельмі важна прыехаць і быць тут, нягледзячы на надвор’е: на дождж, на спёку. І сказаць, што мы будзем змагацца за свабоду ў Беларусі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя