Максім Паршута: Жудасць у Беларусі датычыцца і еўрапейцаў таксама
На мяжы Польшчы і Беларусі ў Баброўніках паўстаў цэлы намётавы гарадок. Пратэстуючыя беларусы з яго гатовы ўжо ў аўторак перакрыць мяжу ля прапускнога пункту „Баброўнікі”.
Напярэдадні акцыі наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з „Госцем Рацыі” – прэс-сакратаром Народнага антыкрызіснага кіравання Максімам Паршутам пра саму акцыю, палітычныя патрабаванні і будучыню Беларусі.
РР: Як узнікла гэта акцыя?
– Напэўна як і ўсе акцыі яна з’яўляецца ў нейкіх рабочых працэсах. Мы проста абмяркоўвалі тое, што адбываецца. Вырашылі, што гэта можа быць добрым адказам на тое, што беларусы зараз не могуць выехаць. Трэба неяк падштурхнуць рэжым да таго, каб яны ўсё ж такі адкрылі межы. Адбываецца жах, які працягваецца ўжо дзевяць месяцаў. Цяпер гэта датычыць не толькі беларусаў, але і еўрапейцаў. Захоплены па сутнасці еўрапейскі самалёт, два грамадзяніна Беларусі і Расеі захоплены ў закладнікі. Мы ўсе бачылі інтэрв’ю з Раманам Пратасевічам. Па-сутнасці гэта не інтэрв’ю, а частка катавання. Я думаю, што трэба на гэта адказваць. Наш пікет гэта дадатковая матывацыя для ўсіх.
РР: Як вы прыйшлі ў сакратарыят да Паўла Латушкі?
– Я не быў у палітыцы да гэтага лета, гэта класічная гісторыя. Я быў валанцёрам, я хадзіў на ўсе акцыі і ў нейкі момант зразумеў, што не магу працягваць жыць такім падвойным жыццём. Працаваць на сваёй звычайнай працы і паралельна яшчэ займацца рэвалюцыяй, можна так называць. Таму я вырашыў сфакусавацца на рэвалюцыйных справах. Я зразумеў, што магу далучыцца да НАУ. Я нарадзіўся ў Верхнядзвінску – гэта самы паўночны горад Беларусі. Я вельмі ганаруся гэтым. Апошнія гады жыў у Менску.
РР: Як вы перажылі выбары 9-га жніўня? Чым вы займаліся?
– 9-га жніўня я вельмі нерваваўся. Думаў, што на гэтым усё скончыцца і далей будзе спакайней. Калі шчыра, то думаў, што мы пераможам. 9-га жніўня я прагаласаваў, як і ўсе, а пасля чакаў вечара, каб прыйсці на ўчастак і дачакацца вынікаў галасавання. Да нас хутка прыехаў АМАП, але нам пашанцавала, што яны нікога не разганялі і не краналі. Мы дачакаліся гадзіны ночы, спявалі песні з суседзямі, размаўлялі проста. У выніку камісію вывезлі пад аховай, усё было запячатана. Мы зайшлі на тэрыторыю школы, якую ўжо ніхто не ахоўваў, дзе мы пабачылі, што выбары сфальсіфікаваныя. Гэта ўжо было каля гадзіны ночы. Я не паехаў у цэнтр, бо там былі мае сябры. Я ведаў, што там адбываецца нешта вар’яцкае. Тады не было інтэрнэту, былі розныя навіны, што недзе нібыта захапілі райвыканкам, хтосьці склаў шчыты, што дзесьці ў цэлых гарадах перамагла Ціханоўская. То бок не было адчування, што нейкая абсалютная цемра. Было адчуванне, што магчыма мы і перамаглі на выбарах. Калі сталі даходзіць навіны, то гэта было жахліва. Я магу лічыць сябе шчасліўцам, бо ўпершыню я бегаў ад сілавікоў і чуў выбухі ў метры ад сябе – гэта ўжо было ў лістападзе на Пушкінскай.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
З „Госцем Рацыі”, прэс-сакратаром Народнага антыкрызіснага кіравання Максімам Паршутам размаўляла Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара