Украіна на траціну павялічыла імпарт беларускай электраэнергіі ў траўні
За траўні 2021 года Украіна імпартавала 10,972 млн кілават-гадзін беларускай электраэнергіі, сведчаць абноўленыя звесткі на сайце нацыянальнай энергетычнай кампаніі „Укрэнерга”.
У параўнанні з красавіком, калі было набыта 8,112 млн кВт∙гадз электрычнасці з Беларусі, імпарт у траўні вырас на 35,25%, у параўнанні з сакавіком — знізіўся ў 4,7 разу (менш на 78,69%), з лютым — у 24,7 разу (-95,96%), з студзенем — у 16,5 разу (-93,92%).
Усяго ў траўні Украіна імпартавала 34,857 млн кВт∙гадз электраэнергіі з пяці краін: Славакіі (45,33% усяго аб’ёму паставак), Беларусі (31,48%), Венгрыі (14,65%), Румыніі (5,92%) і Расеі (2,62%). У студзені—лютым Беларусь была найбуйнейшым пастаўшчыком электраэнергіі на ўкраінскі рынак, у сакавіку — другім, красавіку — трэцім, а ў маі вярнулася на другую пазіцыю.
Як паведамлялася, 26 траўня Нацыянальная камісія Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферы энергетыкі і камунальных паслуг (НКРЭКП), прыняла пастанову „Аб доступе да прапускной здольнасці міждзяржаўных перасекаў”, якой забараніла імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расеі да 1 кастрычніка. У той жа дзень Міністэрства энергетыкі Беларусі заявіла, што аб’ёмы паставак беларускай электраэнергіі на ўкраінскі рынак „былі нязначнымі”, таму „прынятыя Украінай меры наўрад ці можна назваць адчувальнымі для беларускага боку”.
Варта адзначыць, што з пачатку 2021 года Украіна выступала адзіным пакупніком беларускай электрычнасці. Паводле звестак нацыянальнай энергетычнай кампаніі „Укрэнерга”, за студзень—красавік было набыта 511,64 млн кілават-гадзін электраэнергіі з Беларусі, што склала 54% усяго імпарту.
Украіна пачала імпартаваць электрычнасць з Беларусі ў рэжыме камерцыйных паставак у сярэдзіне 2019 года, у красавіку 2020-га НКРЭКП прыняла рашэнне пра прыпыненне імпарту. 5 студзеня 2021 года „Укрэнерга” абвясціла аб аднаўленні імпарту з Беларусі ў сувязі з тым, што красавіцкая пастанова НКРЭКП страціла сілу з пачатку года.
У сярэдзіне сакавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адказе на запыт аднаго з народных дэпутатаў падкрэсліў, што падтрымлівае пазіцыю наконт абмежавання імпарту электраэнергіі з дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі Энергетычнай супольнасці — міжнароднай арганізацыі, што аб’ядноўвае Еўразвяз і краіны-суседзі ў мэтах стварэння адзінага агульнаеўрапейскага энергетычнага рынку. Беларусь і Расея ў гэтую арганізацыю не ўваходзяць.
„У сувязі з гэтым я звярнуўся да прэм’ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля з просьбай усебакова разгледзець пытанні, узнятыя ў вашым дэпутацкім запыце, і ўвесці комплекс дзейсных мер па <…> абмежаванні імпарту электрычнай энергіі з дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі Энергетычнай супольнасці”, — гаварылася ў адказе Зяленскага.
15 красавіка Вярхоўная рада Украіны прыняла папраўкі ў заканадаўства, якія да канца года надзялілі НКРЭКП паўнамоцтвамі абмяжоўваць доступ да міждзяржаўных электраэнергетычных сувязяў з краінамі па-за Энергетычнай супольнасці. Гэты механізм уведзены для тэхнічнай забароны імпарту электрычнасці з Беларусі і Расеі, аднак, нягледзячы на чаканні аўтараў заканадаўчых паправак, украінскі рэгулятар адразу не прыняў адпаведнае рашэнне.
18 траўня міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка накіраваў у НКРЭКП зварот з просьбай забараніць імпарт электраэнергіі з Расеі і Беларусі. Ён адзначыў, што імпарт электраэнергіі з дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі Энергетычнай супольнасці, „супярэчыць стратэгічным мэтам Украіны ў сферы энергетыкі, у прыватнасці сінхранізацыі Аб’яднанай энергетычнай сістэмы Украіны з ENTSO-E, і патэнцыйна пагражае энергетычнай бяспецы”.
Украіна мае намер аддзяліцца ад энергасістэм Беларусі і Расеі да канца 2023 года.