Абарона Калеснікавай падала скаргу ў СК на пастанову аб прыцягненні яе ў якасці абвінавачанай
Абарона члена прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыі Калеснікавай падчас знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы падала скаргу ў Следчы камітэт на пастанову аб прыцягненні яе ў якасці абвінавачванай, паведамляе тэлеграм-канал штаба экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.
„Пастанова не адпавядае патрабаванням Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, выкладзеным у п. 2 ч. 1 арт. 241 і арт. 89, — гаворыцца ў паведамленні. — Калі казаць прасцей, то абвінавачанне не канкрэтнае, не ўтрымлівае неабходных, прадугледжаных законам, звестак, што не дазваляе Марыі ажыццяўляць сваю абарону”.
Адзначаецца, што цягам 10 дзён Следчы камітэт павінен разгледзець скаргу і даць адказ.
13 мая стала вядома, што Калеснікавай выстаўленае канчатковае абвінавачанне, ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Калеснікаву абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт (ч. 3 арт. 361 КК); змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).
Марыя была затрыманая 7 верасня 2020 года ў цэнтры Менска. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў КР Антона Раднянкова і Івана Краўцова гвалтоўна павезлі ва Украіну. Аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.
Калеснікава ўтрымліваецца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітвязнем.
Марыя Калеснікава стала лаўрэатам Міжнароднай жаночай прэміі за храбрасць па выніках 2020 года. Гэтую прэмію ў 2007 годзе заснаваў Дзярждэпартамент ЗША.