Асудзілі за падпал „Табакеркі”, спыненне цягніка і прабітае кола машыны міліцыянта
Чацвёра жыхароў Бабруйска асуджаны за падпал кіёска „Табакерка”, спыненне цягніка і прабітае кола машыны міліцыянера.
Аляксандра Назарэвіча, Аляксандра Мар’ясава, Віталя Васілевіча і Аляксандра Гаўрылава суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прызнаў вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, што выклікала парушэнне працы транспарту (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), злосным хуліганстве (арт. 339), наўмысным пашкоджанні маёмасці ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 218) замаху на злачынства (ч. 1 арт. 14), незаконных дзеяннях у дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў (арт. 295-3).
Назарэвіч прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. У яго канфіскаваны аўтамабіль. Мар’ясава і Васілевіча адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 7,5 года. Гаўрылаву прысуджаныя два гады абмежавання волі ў папраўчай калоніі адкрытага тыпу.
Падсудныя прызналі віну часткова. Прысуд суддзі Дзмітрыя Крэнжыеўскага набудзе моц праз 10 дзён, калі ён не будзе абскарджаны альбо апратэставаны.
Дзяржаўнае абвінавачанне прадстаўляла старшы памочнік пракурора Бабруйска Наталля Лосева.
На працэсе супрацоўнік крымінальнага вышуку Алег Дзмітрук заявіў, што абвінавачаныя планавалі „атруціць студні, пашкодзіць камеру BelToll і абстраляць будынак міліцыі”, тым самым „дэстабілізаваць становішча ў горадзе і запалохаць супрацоўнікаў міліцыі”.
Згодна з матэрыяламі справы, Назарэвіч, Мар’ясаў і Васілевіч каля адной з чыгуначных станцый падпалілі рыззё. Машыністу прыйшлося экстранна тармазіць, каб спыніць лакаматыў, бо ён думаў, што набліжаецца сустрэчны цягнік.
Назарэвіч і Гаўрылаў, згодна з абвінавачваннем, пашкодзілі машыну супрацоўніка дэпартамента аховы: падклалі пад кола металічныя шыпы, якімі прабілі яго.
У падпале „Табакеркі” абвінавацілі Мар’ясава, Назарэвіча і Васілевіча. Паводле дадзеных следства, яны вырабілі самаробнае прыстасаванне з гадзіннікавым механізмам. Назарэвіча прызналі таксама вінаватым у нанясенні чырвоных палос на тры белыя лайтбоксы.
Згодна з матэрыяламі справы, злачынства падсудныя здзяйснялі з 30 верасня па 10 кастрычніка 2020 года.