Анджэй Дуда ўшанаваў памяць ахвяраў Бурага ў Залешанах



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўсклаў вянок і памаліўся каля крыжа памяці аб загінулых жыхарах вёскі Залешаны на Падляшшы.

«Гэта месца, якое адзначанае пакутамі, дзе загінулі цывільныя жыхары, беларусы, якія жылі ў Польскай Рэспубліцы», — гаворыцца на афіцыйнай старонцы ў Твітэры канцылярыі прэзідэнта Польшчы.

Нагадаем, што ў студзені-лютым 1946 году атрад Ромуальда Райса «Бурага» зрабіў крывавы паход па Беласточчыне, падчас якога так званыя «выклятыя жаўнеры» забілі 30 беларускіх фурманоў і спалілі чатыры этнічна беларускія вёскі: Волька Выганоўская (2 забітых), Залешаны (15 забітых), Зані (25 забітых), Шпакі (9 забітых).

Кажа старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак:

– Ніхто з кіраўнікоў польскай дзяржавы ў Залешанах не быў, ніхто не ўшаноўваў памяці нашых ахвяр. Тут прэзідэнт выканаў адназначны жэст, не толькі ўсклаў кветкі ў прысутнасці ганаровай варты, але таксама ўкленчыў перад крыжам. Гэта незабыўная сустрэча для ўсіх прысутных, у тым ліку і для спадара прэзідэнта.

Пачынаючы з 2016 году польскія нацыяналісты арганізуюць пад канец лютага ў горадзе Гайнаўка на Падляшшы марш у гонар «выклятых жаўнераў».

Падчас візіту на Падляшша Анджэй Дуда наведаў таксама Святую гару Грабарку, 2-гі агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. У аўторак прэзідэнт наведае адно з прадпрыемстаў Пранару ў Сямятычах.

Беларускае Радыё Рацыя