Пінскага журналіста Віктара Ярашука аштрафавалі за апытанку на вуліцы
У судзе Пінскага раёна і горада Пінска вынесена пастанова ў дачыненні да Віктара Ярашука. Гэта было другое судовае пасяджэнне. Першае праходзіла 3 чэрвеня і было перанесена на раніцу 7 чэрвеня. Суд палічыў неабходным дапытаць адзінага сведку, піша БАЖ.
Падставай для складання адміністрацыйнага пратаколу паслужыла апытанне жыхароў горада, зробленае 1 мая 2021 года і якое выйшла ў адным з выпускаў навінаў на тэлеканале «Белсат». Апытанка тычылася падзей, якія адбываліся ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, так званай «Пінскай бойні», і судовага працэсу, які завяршыўся ў Брэсце па гэтай крымінальнай справе. Удзельнікі тых падзей атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўлення волі.
Падчас складання адміністрацыйнага пратакола, а таксама падчас яго разгляду на першым пасяджэнні ў судзе Віктар Ярашук выкарыстаў прадстаўленае канстытуцыяй права не сведчыць супраць сябе і адмовіўся ад дачы паказанняў. Ён растлумачыў, што ў цяперашні час з’яўляецца звычайным пенсіянерам, дагаворныя адносіны з тэлеканалам «Белсат» у яго скончыліся ў канцы 2020 года, ніякіх відэаматэрыялаў у Варшаву не перадаваў.
Для ўстанаўлення датычнасці Ярашука да правядзення вышэйзгаданага апытання грамадзян у суд выклікалі аднаго з яго ўдзельнікаў. Той пацвердзіў, што пытанні 1 мая 2021 года на плошчы Леніна ў Пінску яму задаваў менавіта Віктар Ярашук. З відэакамерай працаваў незнаёмы мужчына.
Суд палічыў Віктара Ярашука вінаватым у працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь.
— На іншае рашэньне суду я і не разлічваў, — пракаментаваў «Медыя-Палессю» Віктар Ярашук вынік другога судовага пасяджэння. Абскардзіць рашэнне ён не мае намеру, лічачы гэты крок бесперспектыўным.
— Канстытуцыя дае чалавеку права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, а законы гэта права абмяжоўваюць. Вось у такіх умовах мы жывем, — дадаў ён.