Фермеры патрабуюць адстрэлу дзікоў



Фермеры Падляшша патрабуюць неадкладнага адстрэлу часткі пагалоўя дзікоў, якія кожны год нішчаць сельскагаспадарчыя культуры.  З такой петыцыяй гаспадары з Падляшша звярнуліся да прэм’ер-міністра Дональда Туска.  Ліст перадалі падляшскаму ваяводзе. Апроч адстрэлу фермеры дамагаюцца большай кампенсацыі за cтраты і змены расцэнак. Раней некалькі дзясяткаў трактарыстаў блакіравалі дарогу з Заблудава ў Беласток.

– Папуляцыя дзікоў чыніць катастрафічныя страты фермерскім гаспадаркам.

– Шмат бюракратыі. Мы займаемся паперамі, едзем, толькі марнуем час.

– Трэба рабіць так, як у вас у Беларусі Лукашэнка загадаў, – знішчаць палову або нават тры чвэрці пагалоўя дзікоў, бо іх вельмі шмат.

– Мы, фермеры, не хочам, каб дзікі рабілі нам столькі шкоды. Мы хочам, каб было менш дзікоў.

На мінулым тыдні ваяводскі ветэрынарны інспектарат дазволіў  адстрэл 3000 штук дзікоў у памежных стараствах: Сейненскім, Беластоцкім, Сакольскім ды Аўгустоўскім. Але такая колькасць не задавальняе падляшскіх гаспадароў. Сёння да 20 гадзіны яны будуць блакіраваць вуліцу Міцкевіча пры ваяводскай управе.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота radio.bialystok.pl