Ларыса Жыгар: Не збіраемся падаваць на рэгістрацыю



Лідар руху “Маці 328” Ларыса Жыгар распавяла, чаму яна ўважліва сачыла за працэсам над спеваком Цімам Беларускіх, і ці будуць рэгістраваць сваю арганізацыю.

Нагадаем, што 22-гадовага Ціму Беларускіх затрымалі ноччу 6 студзеня ў ігравым клубе ў Менску. У яго знайшлі гашыш масай 0,4 г і, акрамя гэтага, падчас асабістага вобшуку пры ім было таксама канфіскавана рэчыва белага колеру масай 0,03 г., якое, згодна з заключэннем экспертызы, з’яўляецца амфетамінам.

Была распачата крымінальная справа ў дачыненні да спевака і яго 25-гадовага знаёмага. Згодна з матэрыяламі справы, хлопцы ў снежні і студзені купілі больш 1,96 грама гашышу праз інтэрнэт. Частка ўжылі ў ігравым клубе, астатняе знайшлі міліцыянты.

У выніку кумір некаторых маладых людзей быў асуджаны на 2 гады хатняй “хіміі”.

Другі абвінавачаны, Антон Крывецкі, таксама атрымаў два гады “хатняй хіміі”.

Многія, дарэчы, затым адзначылі, што прысуд хлопцам быў даволі мяккі.

Ларыса Жыгар: Cправа ў тым, што па “наркатычных” артыкулах некаторым і насамрэч даюць мяккія прысуды, а некаторым, як і раней, дастаткова жорсткія. Пра гэта сведчаць і каментарыі ў нашай групе маці іншых вязняў, чые дзеці асуджаны па такіх артыкулах.

У нас быў дыялог на гэтую тэму з прадстаўнікамі ўлады, але апошнім часам ён па сутнасці спыніўся. Хутчэй за ўсё, тая палітычная сітуацыя, што склалася ў краіне, вымушае вырашаць улады іншыя задачы. Пакуль не да нас.

РР: Многія кажуць, што прысуд спеваку насамрэч дастаткова мяккі…

Ларыса Жыгар: Так, калі параўноўваць з тым, якія тэрміны атрымлівалі маладыя хлопцы па такім жа артыкуле раней. У 2013 годзе мой сын за тое, што быццам бы камусьці перадаў 1 грам марыхуаны атрымаў 8 гадоў зняволення, хаця насамрэч не збіраўся нікому нічога перадаваць. І вось параўнайце той прысуд і сённяшні.

Я, безумоўна, нічога не маю супраць таго ж Цімы Беларускіх, добра, што хлопец не патрапіў за краты, але ў такім выпадку мы прынцыпова будзем адсочваць, як па тым жа артыкуле будуць судзіць і іншых маладых людзей у Беларусі. Паглядзім, ці будуць суды і надалей такімі лаяльнымі, і ці ўсе ў нас у роўных умовах.

РР: Раней вы збіраліся афіцыйна зарэгістраваць свой рух? Не атрымалася?

Ларыса Жыгар: Пакуль мы не будзем падаваць дакументы на рэгістрацыю, бо зараз перыяд нейкай нявызначанасці.

Мы аказвалі некаторую падтрымку хлопцам, які знаходзяцца ў калоніях, а зараз нам паступіла інфармацыя, што ім забараняюць прымаць хоць нешта, калі гэтая дапамога ідзе ад нашага руху. Нас, відаць, залічылі ў “палітычныя” арганізацыі.

Таму зараз спрабаваць зарэгістравацца – марная справа. А нам зараз дастаткова заставацца і грамадзянскай ініцыятывай. Няхай спачатку сітуацыя ў краіне супакоіцца, а далей час пакажа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя