Пра Скірмунтаў здымуць дакументальную стужку
Пра развіццё прамысловасці на Палессі буйнымі беларускімі землеўласнікамі Скірмунтамі ды пра лёс выбітных выхадцаў роду здымуць дакументальную стужку. За рэалізацыю праекта ўзялося гомельскае абласное тэлебачанне. Галоўная роля адводзіцца прамыслоўцу Аляксандру Скірмунту ды ягонаму сыну Раману Скірмунту.
Раман Аляксандравіч стаў вядомым не толькі як землеўладальнік-мецэнат, але як буйны дзяржаўны дзеяч Беларусі ды Польшчы. У ліпені 1918 году ён узначаліў урад БНР, а з 1920-х па 1930-я гады займаў розныя пасады ў польскім Сейме.
Здымкі стужкі пройдуць у Парэччы. Карэнная жыхарка былога маёнтка Антаніна Сідарук узгадвае, што ніхто столькі не зрабіў, колькі Скірмунты:
– Калі памёр Аляксандр Скірмунт, то людзі неслі на руках (!) труну з Парэчча ў Моладава. Шмат чаго зрабілі Скірмунты. Вёска была сапраўды прамысловая. Зараз мы не можам гэтага сказаць. Нашыя ўлады нават не могуць захаваць тое, што было зроблена калісьці. Той жа вінакурны завод тут працаваў, яго забралі, ўсё гэта разрабавалі.
Скірмунты заснавалі адзін з першых у Беларусі цукрова-рафінадных заводаў, мадэрнізаваныя суконныя ды вінакурныя заводы. Якасць вытворчасці з Палесся высока ацанілі ў Парыжы і Вене, даўшы сярэбраныя ды залатыя медалі на сусветных выставах.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота be.wikipedia.org