Тэсты для сапраўдных мужчын



Што ў рэшце рэшт перамагае – мужнасць або жаноцкасць, брутальнасць або дыпламатыя? Жыццё перыядычна прымушае думаць і выбіраць, падкідаючы нестандартныя сітуацыі. Мужнасць і мускулы не заўжды тоесныя – факт. І знешне моцны чалавек можа апынуцца на справе канфармістам, не здольным абараніць ні сябе, ні сваю сям’ю, ні свой дом… Пабудаваць дом, нарадзіць сына і пасадзіць дрэва – план для сапраўднага мужчыны? Так, адзін з варыянтаў. І падчас такі план рэалізоўваецца ў даволі няпростых умовах.

Сяргей жыве ў адным з беларускім райцэнтраў. У Сяргея СМА (спінальная мышачная атрафія), і яго рухальныя нейроны паступова гінуць. Працэс распачаўся ў дзяцінстве, і гэта ўжо не спыніць, не стрымаць… Зрэшты, цяпер з’явілася тэрапія і шанец з’явіўся… Шанец выгадаваць сына, убачыць, як ён скончыць школу і пойдзе вучыцца далей (або не пойдзе – кожнаму сваё!) Так, у Сяргея гінуць рухальныя нейроны і паміраюць мышцы, але ён мае працу, дом, гадуе сына… Вось з дрэвам атрымалася дзіўная гісторыя, але і дрэва ёсць у анамнэзе разам са СМА!

Дрэва Сяргей яшчэ ў дзяцінстве пасадзіў: сядзеў на ганку і еў слівы, а костачкі ляцелі ў траву… Адна з іх прарасла і стала прыгожым дрэвам: бацькі вырашылі пакінуць яго расці ў нязручным месцы, не ў садзе – маўляў, хай у хлопца хоць дрэва будзе: на ўсё астатняе шанцаў мала. Хлопец не памёр маладым, як прадказвалі медыкі, а набыў сабе кампутар, электравазок, пабудаваў дом і знайшоў добрую жонку. Здараюцца ў Беларусі гісторыі, калі мужнасць абыходзіцца без гвалту і спалучаецца з мудрасцю і дабрынёй. Цудоўна спалучаецца.

Не менш цудоўная навіна парадавала днямі беларускую сма-супольнасць: два дарослых пацыенты з Віцебскай вобласці змаглі атрымаць жыццёва неабходную тэрапію праз суд… Расейскі суд. Дзякуючы віду на жыхарства ў суседняй дзяржаве. Астатнім 150 сма-пацыентам у Беларусі застаецца прарастаць праз асфальт безнадзейнасці тут, быццам тая костачка слівы мужнага чалавека Сяргея.

Шанец ёсць і тэрапія ёсць… За межамі Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ