Адвакат трэці раз наведала ў СІЗА Рамана Пратасевіча
Раман Пратасевіч, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, не атрымлівае пошту, грошы яму на рахунак пакуль не паступілі, паведаміла БелаПАН адвакат Інэса Аленская.
Яна сустрэлася з падабаронным 8 чэрвеня. Да гэтага адвакат бачыла Пратасевіча 28 траўня.
Паводле слоў Аленской, інфармацыя аб тым, што яе не пускалі да Пратасевіча, не адпавядае рэчаіснасці. „Мяне пускаюць, але справа ў тым, што ўсё пастаянна пераносіцца”, — сказала адвакат.
Аленская паведаміла, што Раман адчувае сябе нармальна, спакойны. Нядаўна ён перанёс захворванне верхніх дыхальных шляхоў. „Прапіў курс антыбіётыкаў, ужо здаровы. Сказаў, што гэта ў яго хранічнае захворванне”, — адзначыла яна.
Журналіст і актывіст Раман Пратасевіч, які жыў у Літве і Польшчы, быў затрыманы беларускімі ўладамі 23 траўня пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, што ляцеў з Афінаў у Вільнюс. На радзіме ён абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Беларускія праваабаронцы прызналі Пратасевіча палітзняволеным.
3 чэрвеня па ОНТ паказалі інтэрв’ю Пратасевіча ў праграме „Маркаў. Нічога асабістага”, у якім ён прызнаў сваю віну па артыкуле 342 КК (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама расказаў пра чат, у якім абмяркоўваўся план акцый пратэсту, і назваў прозвішчы ўдзельнікаў чата. Ён расказаў пра канфлікты паміж апазіцыйнымі штабамі, пра ўмовы жыцця, кватэры і дамы, у якіх жывуць дэмакратычныя лідары, а таксама абцякальна — пра фінансаванне іх дзейнасці і ўцягнутасць у гэта еўрапейскіх дзяржаў.
Бацька Пратасевіча ўпэўнены, што яго сына даць такое інтэрв’ю прымусілі. У інтэрв’ю тэлеканалу „Дождь” Дзмітрый Пратасевіч выказаў меркаванне, што на Рамана аказваўся націск і не выключае выкарыстання псіхатропаў.
Падчас інтэрв’ю на запясцях Пратасевіча былі бачныя гематомы, як мяркуецца, ад кайданкоў альбо вяроўкі.