Вацлаў Арэшка: 17 верасня – гэта дзень пачатку акупацыі
Новае свята – Дзень народнага адзінства 17 верасня, указ аб якім падпісаў Аляксандр Лукашэнка, выклікала неадназначную рэакцыю ў беларускім грамадстве. Шмат хто лічыць кашчунствам аб’вяшчаць святам дзень нападу ў 1939 годзе Савецкага Саюзу на Польшчу, якая ўжо змагалася з гітлераўскай Германіяй. 17 верасня стаў адным з вынікаў пакту Молатава -Рыбентропа аб узаемным ненападзенні краінаў, а фактычна, аб падзеле Еўропы паміж гітлераўскай Германіяй і сталінскім СССР.
Па словах сябра грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў Курапаты” Вацлава Арэшкі, 17 верасня для яго асабіста – гэта дзень пачатку акупацыі Беларусі.
– Я згодны з фармулёўкай, што гэты дзень пачатак акупацыі, таму што Заходняя Беларусь, якая была ў складзе Польшчы, хаця там не ўсё было добра ў адносінах з польскім урадам і польскай дзяржавай, але ж сітуацыя там у сэнсе правоў чалавека і ўзроўні жыцця была лепшай, чым на савецкай тэрыторыі. Гэта была акупацыя, пачатая разам з гітлераўскай Нямеччынай.
Беларускія землі быццам уз’ядналіся, але яны ўз’ядналіся пад акупацыяй, – лічыць Вацлаў Арэшка. „А па сутнасці, гэта аб’яднанне не беларускага народу. Хутчэй тут ёсць намёк на аб’яднанне Беларусі і Расеі. Вось гэты сэнс, можа быць, самы змрочны ў гэтым так званым „свяце”, – кажа Вацлаў Арэшка.
Беларускае Радыё Рацыя