ЕЗ уводзіць адзіны ковід-пашпарт



Еўрапейскі парламент даў зялёнае святло ковід-сертыфікатам ЕЗ, якія павінны прымяняцца з 1 ліпеня і дзейнічаць 12 месяцаў. Сертыфікаты прызначаныя для палягчэння падарожжаў па ЕЗ і спрыяюць паступоваму і скаардынаванаму зняццю абмежаванняў. Еўрапейскі парламент на пленарным пасяджэнні прагаласаваў за пастанову аб увядзенні сертыфікатаў ЕЗ Covid-19 . Нацыянальныя ўлады выдадуць сертыфікаты бясплатна. Іх можна атрымаць у лічбавым або папяровым фармаце, абодва з QR-кодам. Лічбавы ковідны сертыфікат, як ён афіцыйна называецца, будзе адзіным для ўсіх краін ЕЗ дакументам, які сведчыць факт прышчэпкі, негатыўнага ПЛР-тэсту або нядаўна перанесенага ковіда, пацверджанага ў дні хваробы станоўчым ПЛР-тэстам. Такім чынам, на практыцы гэта будуць тры асобныя дакументы. Дзякуючы агульнаму рамачнаму закону ЕЗ, гэтыя сертыфікаты будуць правярацца, будуць прызнаныя ва ўсіх дзяржавах-сябрах Звязу і будуць абароненыя ад падробкі.

Нагадаем, што з 1 чэрвеня Польшча далучылася да сістэмы ковід-сертыфікатаў Еўразвязу.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Kiran Ridley / Getty Images