Пра небяспечную кнігу



У жыхаркі Калодзішчаў канфіскавалі кнігу Алексіевіч. Удумайцеся толькі, у 21 стагоддзі, нібыта ў цэнтры Еўропы, у беларускі канфіскуюць кнігу нобелеўскага лаўрэата. Яшчэ троху, і на вуліцах пачнуць паліць небяспечныя кнігі.

Жыхарку Калодзішчаў затрымалі па дарозе на працу. І разам з ёй паехалі для правядзення ператрусу, падчас якога ў яе канфіскавалі тэхніку і тэхніку яе мужа. Ператрус праводзілі з той нагоды, што нібыта жанчына развешвала бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвах. Дома ў жанчыны канфіскавалі знойдзеныя бел-чырвона-белыя стужкі. А таксама кнігу Алексіевіч. А цяпер пытанне: дзе логіка? Добра. Былі дзесьці там на вуліцы стужкі. Але ж не кнігі там віселі. А калі нават і кнігі. То калі гэта нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч стала забароненай у Беларусі? Ці цяпер дома можна мець толькі кнігі Чаргінца? У Беларусі былі выпадкі, калі канфіскоўвалі сцягі іншых краін, паколькі яны мелі чырвоную і белую афарбоўку, калі арыштоўвалі за тое, што на балконе ляжала скрыня з-пад тэлевізара белага і чырвонага колераў. У Менску нават судзілі жанчын, якія чыталі кнігі па-беларуску ў электрычцы. Але каб дома канфіскавалі кнігу нобелеўскага лаўрэата – такое ўпершыню. Кожны раз пасля пэўных падзей думаеш, што горш не бывае. А потым глядзіш і разумееш, што, аказваецца, бывае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ