Чым займаецца беларуская дыяспара Канады
Што з акцыямі салідарнасці і агулам салідарнымі дзеяннямі ў Канадзе? На якую дапамогу могуць разлічваць з канадскага боку шараговыя працоўныя? Чым займаецца народная амбасада?
На гэтыя ды іншыя пытанні ў размове з Алісай Поль даў адказы „Госць Рацыі” беларус Сяргей Мазгавы, які жыве ў Канадзе:
– Пачаць патрэбна з таго, што заўсёды праводзім мітынгі. Зараз кавідная сітуацыя пагоршылася ў Канадзе, поўны лакдаўн. Кожны тыдзень мы сустракаемся і выходзім да парламенту ў Антарыё, таксама выступаем у Ванкуверы, у вялікіх гарадах і ў маленькіх. Тыдзень таму мы сустракаліся з канадскімі парламентарыямі, яны стварылі групу ў падтрымку Беларусі. Мы размаўлялі пра тое, чым Канада можа дапамагчы беларусам у Беларусі і тым, хто пакінуў Радзіму. Мы дамовіліся, што мы падрыхтуем паперы да ўвядзення санкцый супраць рэжыму ў Беларусі, а таксама прапановы пра тое, як Канада можа дапамагчы тым людзям, якія апынуліся па-за межамі краіны не па сваёй волі. Было некалькі інтэрв’ю і на ангельскамоўным радыё і тэлевізіі, а таксама на франкамоўным. Мы распавялі пра сітуацыю ў Беларусі. Стараемся падтрымліваць павестку дня, каб Канада ведала, каб Канада памятала.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Сяргей Мазгавы звярнуў увагу, што бліжэйшым часам тэма санкцый у адносінах да Беларусі можа стаць прыярытэтнай для працы канадскай дыяспары.
Беларускае Радыё Рацыя