Мінздароўя Беларусі пракаментавала недахоп другога кампаненту вакцыны ад COVID-19
Міністэрства аховы здароўя Беларусі пракаментавала сітуацыю з недахопам другога кампаненту расейскае вакцыны «Спутнік V». Ведамства паведамляе, што зараз чакаюць з Расеі дазвол на выкарыстанне 180 тысяч доз другога кампанента.
Калегі з Расеі завяршаюць працэдуру па кантролі якасці прэпарату, які быў зроблены на магутнасцях «Белмедпрэпаратаў». Плануецца, што ў грамадзянскі абарот вакцына паступіць да канца тыдня, паведамляе Мінздароўя ў сваім тэлеграм-канале. З улікам узніклай сітуацыі з адсутнасцю вакцыны ў некаторых паліклініках Менску, сёння другі кампанент вакцыны будзе пераразмеркаваны.
Паводле Мінздароўя, у кампаніі па масавай вакцынацыі задзейнічана 9% жыхароў краіны. Гэта 850 тысяч чалавек, з якіх 560 тысяч прайшлі поўны курс імунізацыі.
Па словах лекара Веры Селюжыцкай, ёсць адсотак людзей, якім адмаўляюць у прышчэпцы пасля медыцынскага агляду:
– Вымяраем тэмпературу абавязкова, вымяраем ціск, пытаемся пра скаргі, збіраем анамнез, збіраем алергалагічны анамнез, чым хварэлі, як сябе адчуваюць зараз. На прышчэпку не трапляюць тыя людзі, якія хварэюць. Канешне, востра рэспіраторныя, тыя, у каго хранічныя захворванні ў стадыі абвастрэння. Дапусцім, цукровы дыябет, але павышэння цукру, гіпертанічная хвароба – гіпертанічны крыз, то бок ціск падвышаецца.
Лекарка дадае, што вакцынацыю трэба прайсці і тым, хто ўжо перахварэў на COVID-19 , бо як паказваюць даследаванні ў 20-30% антыцелы не выпрацоўваюцца зусім, а ў астатніх трымаюцца не больш чым паўгода.
Беларускае Радыё Рацыя