Інфляцыя ў Беларусі за пяць месяцаў перавысіла гадавы прагноз уладаў
Спажывецкія цэны ў Беларусі ў траўні ў параўнанні з красавіком 2021 года выраслі на 0,6%, у параўнанні са снежнем 2020-га — на 5,2%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт. У гадавым вымярэнні інфляцыя ў траўні склала 9,4% (у красавіку — 8,6%).
У траўні ў дачыненні да красавіка цэны на харчовыя тавары выраслі на 0,8% (з пачатку года — на 5,5%, за год — на 8,9%), на нехарчовыя — на 0,8% (5,6% і 10,6%), на паслугі — знізіліся на 0,2% (выраслі на 4,2% і 8,7%).
Для параўнання: у траўні 2020 года назіралася дэфляцыя (цэны да красавіка знізіліся на 0,1%), у студзені— траўніі 2020 года цэны выраслі на 3,2%, а ў цэлым па годзе інфляцыя склала 7,4% пры афіцыйным прагнозе 5%. У 2021 годзе ўрад прагназуе інфляцыю не вышэй за 5%
На думку спецыялістаў Нацбанка, паскарэнне інфляцыі ў першым квартале 2021 года звязана з пераносам леташняга росту валютнага курсу на цэны, а таксама з павелічэннем цэн на сусветным рынку харчавання і адменай падатковых ільгот у пачатку года для пастаўшчыкоў лекаў. У наступныя кварталы, прагназуюць спецыялісты рэгулятара, інфляцыя будзе запавольвацца і па выніках года можа скласці каля 7%.
Еўразійскі банк развіцця адзначае рызыку ўзмацнення інфляцыйнага націску для эканомікі Беларусі з-за санкцый ЗША ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта гаворыцца ў травеньскім эканамічным аглядзе, падрыхтаваным аналітыкамі ЕАБР.
У ім адзначаецца, што беларускі Нацбанк зрабіў больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку на фоне высокай інфляцыі і інфляцыйных чаканняў. Стаўка рэфінансавання 21 красавіка павышаная на 0,75% — да 8,5%. Паводле разліку ЕАБР, падтрыманне стаўкі рэфінансавання на ўзроўні 8,5% сёлета пры захаванні Нацбанкам кантролю за грашовай прапановай можа прывесці да запаволення інфляцыі да 6,5—7% на канец года.
„Разам з тым прысутнічае рызыка ўзмацнення інфляцыйнага націску ў гэтым годзе пры рэалізацыі пагрозы скарачэння беларускага экспарту з-за аднаўлення абмежавальных мер з боку ЗША ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу”, — адзначаюць аналітыкі ЕАБР.
На думку беларускіх эканамістаў, у 2021 годзе інфляцыя перавысіць афіцыйны прагноз і можа скласці каля 10%. Афіцыйны прагноз быў вызначаны ў мінулым годзе і не прадугледжваў ні ўзнікнення глабальнага эканамічнага крызісу, ні пандэміі, ні рэзкіх скачкоў на валютным рынку. Таму пра ўтрыманне інфляцыі ў межах 5% у гэтым годзе можна ўжо забыць, лічаць эксперты.