Першы энергаблок БелАЭС уведзены ў прамысловую эксплуатацыю



Прыёмачная камісія на чале з віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым 10 чэрвеня падпісала акт прыёмкі ў эксплуатацыю пускавога комплексу першага энергаблока Беларускай АЭС, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

„Рашэнне камісіі грунтуецца на станоўчых заключэннях наглядных органаў і працоўнай камісіі БелАЭС, а таксама на падставе выдадзенай МНС ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока”, — гаворыцца ў паведамленні.

У склад камісіі ўвайшлі прадстаўнікі Мінэнерга, МНС, Дзяржстандарту, Мінбудархітэктуры, Мінпрыроды, Міністэрства аховы здароўя, МУС, Гродзенскага аблвыканкама, аб’яднання „Белэнерга”, расійскіх кампаній „АСЭ”, „Атамбудэкспарт”, „Атамтэхэнерга” (уваходзяць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”), прыцягваліся профільныя спецыялісты і навукоўцы.

„Этапу прамысловай эксплуатацыі папярэднічаў вялікі аб’ём работ — па праверцы гатоўнасці тэхналагічных сістэм і абсталявання да асваення цеплавой і электрычнай магутнасці, правядзенні неабходных выпрабаванняў, падрыхтоўцы персаналу, — адзначылі ў Мінэнерга. — У цяперашні час блок працуе на намінальным узроўні магутнасці рэактарнай устаноўкі. З моманту яго ўключэння ў аб’яднаную энергасістэму выпрацавана амаль 3 млрд кВт∙г электраэнергіі”.

У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі № 447 ад 30 лістапада 2020 года „Аб уводзе ў эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі” датамі ўводу энергаблокаў БелАЭС у прамысловую эксплуатацыю лічацца даты падпісання прыёмачнай камісіяй актаў прыёмкі пускавых комплексаў блокаў.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гарадзенскай вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расіі паводле расійскага праекта ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва станцыі выступае Інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі „Расатам” (галаўная арганізацыя — інжынірынгавая кампанія „АСЭ”).

Першы блок БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасць у рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі 3 лістапада 2020 года. Ліцэнзію на яго прамысловую эксплуатацыю МНС выдала 2 чэрвеня гэтага года.

Ядзернае паліва для другога энергаблока БелАЭС даставілі на станцыю 19 красавіка, загрузіць яго ў рэактар плануецца восенню. Увесці другі блок у эксплуатацыю ў адпаведнасці з указам № 447 павінны ў першай палове 2022 года. Разам з тым пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка ў красавіцкім інтэрв’ю „Российской газете” заявіў, што ўвесці другі блок у прамысловую эксплуатацыю плануецца ў ліпені наступнага года.

belapan.by