У суд накіравана чарговая крымінальная справа аб паклёпе на кіраўніка дзяржавы
«Гаворка ідзе пра 38-гадовага берасцейца Ш., які 29 сакавіка 2021 году па тэлефоне даў інтэрв’ю неўсталяванаму журналісту. Пры гэтым ён пэўна ведаў, што звесткі будуць апублікаваныя на агульнадаступным рэсурсе. Паводле праверкі Следчым камітэтам, у згаданым інтэрв’ю выявіліся фармулёўкі і выказванні, абражаючыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – паведамляе Генеральная пракуратура краіны.
У сваю чаргу праваабаронцы «Вясны», сярод якіх і Уладзімір Вялічкін, паведамілі што «Ш». – ніхто іншы як берасцеец Андрэй Шарэнда:
– Эпітэтаў у адрас Лукашэнкі было выказана вельмі шмат. І настолькі шмат, што проста на гэта ніхто не звяртаў увагі. Але ў выпадку з Андрэем Шарэндам сітуацыя іншая. І ён, і ягоная жонка Паліна – гэта вядомыя палітычныя дзеячы на Берасцейшчыне і Беларусі, яны ўсе выбарчыя кампаніі праводзілі вельмі яркія, эмацыйна афарбаваныя, з нацыянальнай сімволікай і нацыянальнымі песнямі. І маюць даволі шырокую падтрымку сярод грамадства. Таму ўлады вырашылі проста растаптаць і зрабіць прыклад для іншых, што не трэба супрацьстаяць і выступаць супраць дзеючай улады ў асобе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
Днямі раней Суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў вінаватай ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу жонку актывіста — Паліну Шарэнду-Панасюк і прысудзіў пакаранне ў выглядзе двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Пара гадавала дваіх дзяцей. У выпадку прысуду і для Андрэя Шарэнды да лёсу непаўнагадовых могуць узнікнуць пытанні з боку адпаведных органаў.
Беларускае Радыё Рацыя