Расея выдала Беларусі шасцярых абвінавачваных ва ўчыненні злачынстваў



Генпракуратура Расеі задаволіла запыты Генеральнай пракуратуры Беларусі аб выдачы для крымінальнага пераследу шасці адшукваных асоб, якiя абвінавачваюцца ва ўчыненні злачынстваў на беларускай тэрыторыі.

Як паведамляе Генпракуратура Расеі, Андрэй Гірыновіч абвінавачваецца ў тым, што ў чэрвені мінулага года незаконна пранік у дом, адкуль выкраў маёмасць.

Дзмітрый Кузняцоў абвінавачваецца ў тым, што вясной 2014 года ў Добрушы, дзейнічаючы групай асоб паводле папярэдняй змовы, таемна выкраў маёмасць з аўтамабіля. Ён жа ў чэрвені 2014-га, дзейнічаючы групай асоб паводле папярэдняй змовы, пранік на тэрыторыю аб’екта, які будуецца, адкуль таксама таемна выкраў маёмасць.

Вадзім Мельнік абвінавачваецца ў тым, што ў чэрвені 2020 года ў Гомелі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, нанёс іншай асобе не менш за сем удараў рукамі і нагамі, прычыніўшы цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пасля ён здзейсніў рабаванне.

Акрамя таго, Генпракуратура Расеі задаволіла запыт беларускіх калег аб выдачы Максіма Спасібкі для прывядзення ў выкананне прыгавору суда Цэнтральнага раёна Мінска. Спасібка прызнаны вінаватым у тым, што ў кастрычніку 2010 года сумесна з іншымі асобамі незаконна набыў з мэтай збыту асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва ў буйным памеры — амфетамін агульнай масай 47,83 г, а таксама небяспечны наркатычны сродак — марыхуану агульнай масай 0,49 г (у сухім выглядзе), якія захоўваў да затрымання.

Таксама беларускім праваахоўным органам перададзеныя Мікалай Шэлепень і Дзмітрый Парэцкі, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў супраць асобы і ўласнасці.

Адначасова з экстрадыцыяй у Беларусь адбылася выдача дзвюх асоб у Расійскую Федэрацыю, абвінавачаных у хуліганстве і крадзяжах.

„Прыём і перадача названых грамадзян ажыццёўлены на тэрыторыі Смаленскай вобласці пры выкананні неабходных мер бяспекі з улікам эпідэміялагічнага становішча”, — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры РФ.

belapan.by

Фота: ВК