Праваслаўныя вернікі Беларусі заклікаюць пакінуць архіепіскапа Арцемія на пасадзе



На платформе Change.org з’явіліся адразу дзве петыцыі, выкліканыя адстаўкай праваслаўнага архіепіскапа Гарадзенскага Арцемія, які быў адзіным іерархам БПЦ, што асудзіў фальсіфікацыю выбараў і гвалт у Беларусі.

У петыцыі да Сінода Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) адзначаецца, што адстаўка гарадзенскага архіепіскапа павінна быць адмененая.

«Мы заяўляем аб сваім непрыманні як Вашага рашэння, так і вышэйзгаданага хадайніцтва Сінода БПЦ. Наколькі нам вядома, архіепіскап Арцемій не прасіў аб залічэнні на супакой і выдатна спраўляўся з кіраваннем даручанай яму епархіі. Гарадзенская епархія з’яўляецца прыкладам ахвярнага служэння і высокапрафесійнай працы па мностве напрамкаў – адукацыйным, экалагічным, місійным, моладзевым, сацыяльным, святынябудаўнічым, культурным і г. д»., – гаворыцца ў петыцыі.

На думку аўтараў звароту, архіепіскап Арцемій быў пазбаўлены кіравання епархіяй, бо ягоны «голас зʼяўляецца непажаданым уладам у нашай краіне, і яны хочуць пазбавіцца ад яго Вашымі рукамі». Яны падкрэсліваюць, што выкарыстанне Царквы ў палітычных мэтах «прыносіць спакусу і падзел сярод дзяцей Царквы, знішчае давер да Царквы ў грамадстве».