Ігар Банцэр: Знаходжуся ў падвешаным стане
Гарадзенскі палітзняволены Ігар Банцэр тыдзень спрабуе даведацца, куды яго накіравалі на “хімію”.
Ён прайшоў ужо амаль дзясятак розных інстанцый, аднак яшчэ не атрымаў адказу.
– Ужо які дзень тэлефаную ва ўсе мажлівыя інспекцыі: патэлефанаваў у Дэпартамент выканання пакаранняў у Менск, потым – у Дэпартамент выкананання пакарання ў Гародні і нарэшце мяне скіравалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Ленінскага раёна. Сёння пайшоў, высветлілася, што няма таго чалавека, у якога мая справа. І я знаходжуся ў падвешаным стане і ніхто не можа патлумачыць дзе, калі, куды. Я заўжды, тэлефануючы, пытаюся: я – Банцэр, “палітычны”, мне прызначана “хімія”, калі вы мяне выправіце на “хімію”? Што мне рабіць, мо ўжо з краіны ўцякаць? Бо ў нас былі ў сераду затрыманні ў Гародні. Таму я не ведаю, як доўга я пахаджу на волі. Ці мне зараз нейкі больш злачынны крымінальны артыкул “прышыюць”?
РР: Вы кажаце пра затрыманні. Можа якія падрабязнасці ведаеце?
Ігар Банцэр: Датычна затрыманняў, гэта адбылося 9 чэрвеня. Тры чалавекі з асяроддзя антыфашыстоўскага, якіх я ведаю асабіста. Гэта людзі, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, яны прытрымліваюцца левых поглядаў. І тое, што іх затрымалі па 285 артыкуле, як шмат каго з Менска, Берасця, для мяне відавочна, што будуць рабіць пасля паправак у Крымінальны кодэкс, нейкую агульную справу супраць “радыкальна-экстрэмісцкай арганізацыі”, „Анціфа”, напрыклад. Гэта для мяне відавочна. І асноўнае, наколькі я ведаю з затрымання гарадзенцаў інфармацыі, што распытвалі пра Банцэра. Таму я падазраю, што таксама буду ўдзельнічаць у гэтай крымінальнай справе. Паглядзім, ці не захочуць яны мяне зрабіць голасам гэтай левай сцэны. Таму што я вядомы як выканаўца. Ці захочуць зрабіць нейкім ідэйным натхняльнікам, “шэрым кардыналам”, лідарам гэтага “падполля”? Гэта мала прыемна, вельмі стрэсуе і на нервы дзейнічае. Вельмі псіхічны стан зараз цяжкі ў мяне.
Наколькі я ведаю па затрыманнях, следчы ГУБАЗіКу з Менска прыязджаў, і хлопцаў этапам адразу ў Менск завезлі. Яны зараз на Валадарцы. Таму я тэлефаную ва ўстановы і пытаю, ці мне ўжо чакаць іншай крымінальнай справы ці ўцякаць з краіны. Для мяне відавочна, што мяне ў такім падвешаным стане трымаюць менавіта для таго, каб максімальна мяне псіхічна разгойдаць. Але я не збіраюся ўцякаць з гэтай краіны, таму што я сябе злачынцам не пачуваю, нічога злачыннага не рабіў, не парушаў заканадаўства, а калі пакрыўдзіў каго з супрацоўнікаў міліцыі, за гэта гатовы папрасіць прабачэнне.
За свой перформанс перад супрацоўнікамі міліцыі у 2020-м годзе актывіст і музыка Ігар Банцэр правёў за кратамі 5 месяцаў, трымаў 16 дзён сухую галадоўку. У пачатку чэрвеня 2021 году Ігара мусілі адправіць адбываць 8 месяцаў, што засталіся па прысудзе, на “хімію”, аднак пакуль улады не могуць адказаць, куды адпраўляюць актывіста.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча