У чым сэнс работы беларускіх дыяспар?



На фоне затухання вулічнай пратэстовай актыўнасці ў Беларусі, што выклікана зразумелымі прычынамі, ціск на рэжым працягваюць аказваць беларускія дыяспары. У адказ на факты шматлікіх парушэнняў правоў чалавека беларусы, якія былі вымушаныя з’ехаць з радзімы, знаходзяць усё новыя і новыя метады ўздзеяння на афіцыйны Менск. Актыўнасць дыяспар вельмі не падабаецца ўладам Беларусі, якія, не маючы магчымасці прымусіць замаўчаць беларусаў за мяжой, рэагуюць у асноўным у рэчышчы інфармацыйнага супрацьстаяння.

І да падзей 2020 года ў гісторыі беларускай эміграцыі былі розныя перыяды, калі нараджэнцы Беларусі масава выязджалі за межы ў пошуках лепшай долі альбо праз пагрозу жыццю. Калі параўноўваць масавы ад’езд суайчыннікаў пасля апошняй прэзідэнцкай кампаніі з папярэднімі хвалямі эміграцыі, то ў цэлым сітуацыя не выглядае настолькі катастрафічнай, як магло б здавацца. Напярэдадні І Сусветнай, падчас і пасля ІІ Сусветнай войнаў, тэрыторыю Беларусі пакінула ў працэнтных суадносінах куды больш людзей. У апошнія месяцы з Беларусі, паводле розных падлікаў, з’ехала максімум некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Не ўсе эмігранты новай хвалі непасрэдна падвергліся рэпрэсіям. Сярод тых, хто з’ехаў, ёсць прадстаўнікі ІТ-індустрыі, людзі творчых прафесій, лекары, бізнесоўцы, то бок катэгорыі грамадзянаў, якія больш не звязваюць сваю будучыню з Беларуссю, паколькі не бачаць перспектываў для рэалізацыі сваіх задумаў. Аднак колькасныя параўнанні – не самы ўдзячны падыход, калі мы спрабуем аналізаваць эміграцыі розных часоў. Калі раней Беларусь пакідалі людзі розных прафесій і сацыяльнага паходжання, то цяпер мы маем справу з адтокам найбольш кваліфікаваных кадраў.

Акрамя сітуацыі з ад’ездам спецыялістаў, у масавай эміграцыі ёсць гуманітарнае вымярэнне. Многія беларусы былі вымушаныя пакінуць родную краіну па прычыне пераследу за свае погляды і грамадзянскую актыўнасць. І менавіта гэтыя людзі складаюць касцяк цяперашніх удзельнікаў акцый салідарнасці амаль ва ўсіх сталіцах Еўропы. Менавіта гэтыя людзі ладзяць пікеты ля беларускай мяжы. І менавіта гэтыя людзі сустракаюць з трыюмфам Святлану Ціханоўскую на цэнтральных плошчах Прагі, Варшавы і Вільні.

Асноўнае адрозненне новай эміграцыі ад папярэдніх – у палітычнай актыўнасці беларусаў за мяжой. Нашыя суайчыннікі, апынуўшыся за кардонам, мітынгуюць, ствараюць эфектыўныя структуры, лабіруюць інтарэсы дэмакратычнай апазіцыі на самым высокім узроўні, збіраюць сродкі на падтрымку рэпрэсаваных. І, што вельмі важна, беларусы па абодва бакі кардону робяць адну справу. Калі адкінуць нязначныя разыходжанні ў поглядах на стратэгію змагання за дэмакратычную будучыню краіны, дзеянні беларусаў выглядаюць сінхроннымі. Гэта значыць, беларускі пратэст у любым разе, нават калі часова спыніцца ў Беларусі, адновіцца на якасна новым узроўні, у тым ліку дзякуючы рэсурсам і напрацоўкам эміграцыі.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ