У Беларусі вакцынацыяй ад каронавіруса ахоплена звыш 1 мільёна чалавек
Па апошніх афіцыйных дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у краіне звыш аднаго мільёна жыхароў ахоплена вакцынаяй супраць каронавіруса. З якіх 671 тысяча чалавек пакуль атрымала толькі першы кампанент, а поўны курс прышчэпкі прайшлі 372 тысячы грамадзян.
“Так званы “калектыўны імунітэт” з’явіцца толькі пасля вакцынацыі больш як паловы жыхароў краіны”, – адзначае супрацоўнік санітарна-эпідэміялагічнай службы Эдуард Красоўскі:
– Для стварэння калектыўнага імунітэту неабходна прышчапіць не менш за 60% дарослага насельніцтва. Вакцынацыі падлягаюць у тым ліку і тыя, хто перанёс каронавірусную інфекцыю, зараз гэта не з’яўляецца супрацьпаказаннем. І трэба адзначыць, што вынікі лабараторнага даследавання на антыцелы, якімі б яны не былі, таксама не з’яўляюцца супрацьпаказаннем.
На тыдні ў Міністэрстве аховы здароўя прызналі, што ёсць праблемы з наяўнасцю супрацькавіднай прышчэпкі, а менавіта другога кампанента. У паліклініках краіны налічваецца 150 тысяч доз першага кампанента і ўсяго 30 тысяч доз другога. Вырашыць гэтае пытанне абяцаюць неадкладна.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: РБК