У Жлобіне працягваюцца затрыманні
У Жлобіне працягваюцца затрыманні грамадзян, якіх міліцыя падазрае ва ўдзеле ў „масавых беспарадках” 9—10 жніўня 2020 года.
Як паведамілі БелаПАН мясцовыя жыхары, за апошні тыдзень у горадзе затрымана не менш за дзесяць чалавек ва ўзросце ад 20 да 60 гадоў, сярод іх 57-гадовы Пётр Канстанцінаў і 60-гадовы Мікалай Ісаенка.
Ісаенка ўпершыню быў затрыманы 10 жніўня і жорстка збіты, пасля чаго трапіў у бальніцу. Пра гэта ён паведамляў БелаПАН 12 жніўня. Зараз Ісаенка знаходзіцца ў гомельскім СІЗА № 3 як падазраваны ў масавых беспарадках (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
На мінулым тыдні пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу 17-гадовага жыхара Жлобінскага раёна. Малады чалавек „удзельнічаў у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што мела вынікам парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый”.
У райцэнтры за „масавыя беспарадкі” 9—10 жніўня пад крымінальны пераслед патрапіла не менш за 30 чалавек. Сярод іншых былі асуджаныя 17-гадовы Віталь Прохараў і 21-гадовы Дзмітрый Гопта, у якога разумовая адсталасць.
11 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе былі разгледжаныя і адхіленыя скаргі на прысуды жыхарам Жлобіна Яўгену Зашчытаву (2001 года нараджэння) і Аляксандру Шаўцову (1997). Яны абвінавачваліся ў масавых беспарадках і пагрозе гвалту ў адносінах да міліцыі (арт. 364 КК). Зашчытава суд Жлобінскага раёна прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі, Шаўцова — да двух з паловай.
У апеляцыйных скаргах яны паказалі, што не прызнаюць віну ў масавых беспарадках і пагрозе гвалту ў дачыненні да міліцыі. Шаўцоў заявіў, што 9—10 жніўня быў у цэнтры горада, але не стаяў у счэпцы, не выкрыкваў лозунгі, а проста назіраў за тым, што адбываецца. Ён адзначаў, што на відэазапісе, які ёсць у крымінальнай справе, яго няма ні ў першых шэрагах пратэстоўцаў, ні ў счэпцы. Абвінавачаны падкрэсліў, што доказаў яго віны няма.
Зашчытаў напісаў у скарзе, што ён апалітычны чалавек. У дзень пратэстаў ён проста гуляў у цэнтры горада. „У дэструктыўных тэлеграм-каналах я не знаходзіўся, не чытаў іх, я наогул маю толькі кнопкавы тэлефон, што абцяжарвае доступ у інтэрнэт. З гісторыі браўзара камп`ютара відаць, што я не заходзіў ні на якія дэструктыўныя рэсурсы. Я выпадкова трапіў на плошчу, не ведаў, што там праходзяць незаконныя мерапрыемствы. Частка віны, якая мне ставіцца, — што нібыта выкрыкваў лозунгі, не складае крымінальна каральнага дзеяння, бо свістаць, крычаць, выкрыкваць лозунгі — гэта адміністрацыйная адказнасць”, — лічыць. На яго думку, адзіны доказ яго віны — ён зафіксаваны на камеры відэаназірання ў месцы правядзення мітынгу, аднак ніякіх дзеянняў ён не здзяйсняў.