Караткевіч запрашаў у Воршу Танка



Уладзімір Караткевіч запрашаў у Воршу пісьменнікаў.

І шмат хто прыязджаў да яго ў розныя гады.

Запрашаў у Воршу і Максіма Танка.

Гэта было ў 1956 годзе, калі сам Караткевіч працаваў настаўнікам у восьмай школе, але ўжо быў вядомы ў якасці маладога пісьменнка.

Запрашэнне Максіма Танка ў Воршу выглядае як утопія, як фантазія, як зімовая казка.  

У лісце ад 14 снежня 1956 года Уладзімір Караткевіч піша:   

Калі ж нельга пісаць зусім без справы, то я яе выдумаю. Ведаеце што, Яўгені Іванавіч, калі асаблівай злосці ў вас на мяне няма, дык прыязджайце да нас у Воршу. Адлігу пачынае троху прымаражываць, зараз падае сняжок, праўда трошкі няпэўны.  Калі любіце можна схадзіць на паляванне, мяне даўно ўжо зваў палясоўшчык з Руміна. Можна і ў Дзевіна закаціцца, там зараз добра, лясныя азёры, ціша. Можа тыдзень ці два таму, калі адлігі яшчэ не было, я сам спудзіў чатырох цецярукоў з вялікай гурбіны.  У нас, вядома, не так багата, але што цікава будзе – абяцаю.

Здарэнні ў мяне тут усе маленькія, напрыклад, тхарыха вывела ў старую яміну ад лёху штук пяць тоўстых тхаранят, бачыў у моцны даволі мароз аляпку, якая нырала ў апалонку і вылазіла з другой апалонкі метры за тры ніжэй. І так спявала, быццам цяпла вакол, быццам вясна. А ў лесе зараз, нават узімку пахне жывіцаю”.

(Паводле збору твораў Уладзіміра Караткевіча, Т.19, Мінск, “Мастацкая літаратура” 2020).

Лісты Уладзіміра Караткевіча да розных людзей наогул вельмі цікавыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ