Архіяпіскап Арцемій: «Мы ператварыліся ў царкву перыяду застою і ганенняў»



Сінод Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату пазбавіў пасады архіяпіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Ён быў адзіным з беларускіх праваслаўных іерархаў, хто публічна асудзіў гвалт у краіне.

Уладыка Арцемій расказаў расейскай службе Радыё Свабода, як ён сам трактуе прычыны рашэньня Сыноду РПЦ адхіліць яго ад служэньня і адправіць на супакой.

— Гэта адбылося на ўказаньне дзяржавы. Цяпер трошкі зьмянілася становішча пасьля жнівеньскіх хваляваньняў і адбываецца ўсеагульная чыстка. Мяжа перакрытая, людзей звальняюць, саджаюць. Пакуль у іх зацішша — час для таго, каб трошкі паставіць і Царкву на месца. Таму што царкоўнікі ня ўсе падтрымліваюць існы рэжым. Цяпер прадстаўнікі ўлады разьяжджаюць па эпархіях, выступаюць там. Нават я чуў, што просяць не маліцца за тых, хто ў зьняволеньні. Такія малітвы забароненыя, каб нідзе не было і самага малога іншадумства.

Ну і палічылі патрэбным са мной расправіцца. Па ініцыятыве гэтай улады прадстаўнікі нашай сыстэмы гаварылі з патрыярхам у Маскве і папрасілі яго паспрыяць дзеля супакаеньня становішча ў Беларусі. Мабыць, на гэта ён даў ім дабраславеньне і згоду. Сынод адразу ж аб’явіў аб сваім рашэньні.

Прэтэнзіі да сьвятара

— Што я падзяліў грамадзтва на два лягеры з палітычных матываў. Падзяліў сьвятароў і вернікаў. А гэта недапушчальна. Я запярэчыў, што з палітычных нагодаў я не выступаў. Я даў маральную ацэнку таму варʼяцтву, калі зьдзекуюцца зь людзей. Тое, што яны мне прадʼявілі, — гэта было сьмеху варта.

Магу вам прывесьці прыклад. Паказваюць мне фатаздымак кошыка зь велікоднымі яйкамі. На іх намалявана «Пагоня», наш старадаўні герб, ён сугучны і іканаграфіі. Нашых знакамітых князёў Барыса і Глеба заўсёды малююць аднаго зь дзідай, другога зь мячом, а яны бяруць сваю традыцыю яшчэ з старажытнагрэцкае царквы ад велікамучаніка Георгія Пераможца і Дзьмітрыя Салунскага зь мячом. Вось такі герб быў у нашых межах, а ў пачатку перабудовы ён быў нашым нацыянальным сымбалем, затым мы вярнуліся да савецкай сымболікі.

Па-першае, выява гэтага герба не зьяўляецца злачынствам. Па-другое, гэта сьмешна, у нас 100 парафій, і калі дзесьці дзіця намалявала на яйку «Пагоню», я павінен пра гэта ведаць і карныя меры прымаць? Велікоднае яйка ёсьць велікоднае яйка. Гэта сьвята радасьці. Людзі малююць тое, што сьвяшчэннае і дарагое для іх, гэта адпавядае велікоднаму ўспрыманьню жыцьця.

Другое абвінавачаньне: чаму ў нас сьпявалі «Магутны Божа»? (14 жніўня сьвятары Гарадзенскай эпархіі на прыступках галоўнага гарадзкога храма — Сьвята-Пакроўскага катэдральнага сабора — выканалі малітоўны гімн «Магутны Божа» у падтрымку беларускага народу. — РС).

Гэта стары беларускі гімн «Магутны Божа, уладар сусьвету». Мітрапаліт, знаходзячыся ў Гародні, афіцыйна забараніў сьпяваць гэты гімн? (14 кастрычніка патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веньямін заявіў, што гімн зьяўляецца сьвецкім і падзяляе людзей. — РС) Мы яго гадамі сьпявалі. У нас музычны фэстываль «Калоскі Дабравест» зь міжнароднай музычнай праграмай заўсёды пачынаўся з гэтага сьпеву, а тут раптам гэта стала забароненым і ледзь не антыцаркоўным. На набажэнствах зразумела, але на канцэртных праграмах — гэта наш асабісты выбар. І вось у адной з парафій дзіцячы калектыў ладзіў велікодны канцэрт і прасьпяваў «Магутны Божа», што палічылі дзяржаўным злачынствам.

Ну вы самы ведаеце, калі ў нас на бальконе будуць вісець чырвоныя і белыя шкарпэткі адначасова, то можна атрымаць тэрмін.

Абвінавачаньні ў расколе

— Я не кажу ні пра які раскол. Я да гэтага стаўлюся вельмі асьцярожна і выкарыстоўваю мэдычны прынцып «Не нашкодзь». Мы не даём палітычных ацэнак. Мы спрабуем зьмяняць сытуацыю знутры, выкарыстоўваючы хрысьціянства і Эвангельле. У нас нават гаворкі не было ні пра якую аўтакефальную царкву, як на Украіне. Гэта ўвогуле нерэальная рэч, у нас усе культавыя будынкі належаць Беларускаму Экзархату, і ніякі прыход ня зможа мець храм іншай юрысдыкцыі. Гэтае пытаньне яшчэ не сасьпела нават для абмеркаваньня. Гэта домыслы і хлусьлівае абвінавачаньне. Ніякага падзелу ў нашых вернікаў няма, наадварот, мы заклікаем да салідарнасьці, адзінства.

Цяпер мы павінны адпавядаць свайму ўзроўню, а мы ператварыліся ў Царкву пэрыяду застою, ганеньняў і палону. Мы ўжо пераўзыходзім хрушчоўскія часы, калі ўпаўнаважаны перадаваў сваю волю, як жыць прыходам і што гаварыць.

Вінаваты, што наведваў турмы

— Наведваньне месцаў зьняволеньня таксама ставілася ў віну. Чаму наведвалі зьняволеных і прыносілі ім лекі і ваду? Тое, што Хрыстос сказаў: «Я быў хворы, і вы наведалі мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да мяне», — мы не павінны прымаць за кіраўніцтва да дзеяньня? Для нас мусіць быць важным указаньне кіраўніцтва. Ніякіх наведваньняў.

І яшчэ куча дробязяў. Бацюшка бласлаўляў паству і разам са словамі «Хрыстос уваскрэс!» сказаў яшчэ: «Жыве Беларусь!» А вы што, хочаце, каб не жыла? Правільна сказаў, хай жыве Беларусь. Я кажу, я згодны з гэтымі словамі. Ва ўсіх эпархіях ёсьць моманты, калі людзі ў той ці іншай форме выказваюць сваю салідарнасьць з тымі падзеямі, якія цяпер адбываюцца. Таму абвінавачаньне проста некампэтэнтнае.

«Па стане здароўя»

— Па стане здароўя я не падаваў ніякіх прашэньняў, і я не лічу, што па стане здароўя я не магу служыць. Ёсьць, вядома, узроставыя праблемы, я ўдзяляю ім увагу, але сытуацыя не крытычная. Няма ніякіх сьведчаньняў з боку мэдыкаў, няма прадʼяўленьня мне, на падставе чаго. Я Сыноду прама сказаў: «Вы робіце несумленна, вы пазбавілі мяне катэдры. А мне ня сорамна ісьці на спачынак».

Рэакцыя духавенства на гвалт

— Гэта заканамерна — турбавацца за свой народ. Мы не даём ацэнкі ўладзе або палітычнай структуры, мы гаворым пра тое, што бачым парушэньне ўсіх нормаў чалавечага быцьця. Мы лічым гэта недапушчальным і выступаем з заклікам спыніць жорсткасьць у дачыненьні да нашага народу і вызваліць невінаватых зьняволеных. Ніякай рэакцыі Царквы на гэта не было, і цяпер нават ня згадваецца, як быццам ніхто ніколі нічога не пісаў.

Чаму мяне не адхілілі адразу ж пасьля гэтых заяваў, яшчэ ў жніўні летась? Вельмі бурны быў пэрыяд, гэта ж трэба было падліваць алею ў агонь. Гэта магло спрыяць таму, што мы маглі наогул адкрыта выйсьці на ўдзел. Цяпер народ запалоханы. Я лічу, што і з пункту гледжаньня палітычнага яны паступілі няправільна і атрымаюць вынікі не на сваю карысьць.

Далейшыя пляны

— Па-першае, паводле заканадаўства архірэйскага сабору эпархія павінна аказваць матэрыяльную дапамогу, нейкую грашовую дапамогу прызначыць. Мне загадана чамусьці пакінуць сваё месца жыхарства, я мушу зьехаць у Менск, каб застацца там у поўнай адзіноце. Хочуць загнаць мяне ў кут. Будзем жыць. Пэнсія дзяржаўная ў мяне ёсьць… Паглядзім, трэба будзе — уладкуюся на працу ў парафіі вартаўніком.

  • Архіяпіскапу Арцемію (Кішчанку) 69 гадоў. Ён архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі, доктар тэалёгіі. Паводле Статуту РПЦ, беларускія архіярэі падаюць на імя Патрыярха Маскоўскага і Ўсяе Русі прашэньне аб адстаўцы ў 75 гадоў.​
  • Сьвятаром Арцемій стаў 39 гадоў таму. Служыў у Карэліі. У 1982 годзе вярнуўся ў Беларусь.​
  • У 2019 годзе з дабраслаўленьня архіяпіскапа Арцемія ў Калоскай царкве ўрачыста маліліся за Беларусь і беларускі народ на #БНР-101.
  • Пасьля масавых жнівеньскіх пратэстаў 2020 году архіяпіскап Арцемій ня раз выказваўся ў падтрымку пратэстоўцаў, супраць гвалту і фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Ён адзіны зь беларускіх праваслаўных ярархаў, хто заняў такую пазыцыю.​
  • Таксама ён зьвярнуўся да настаўнікаў і заклікаў іх пакаяцца ў фальсыфікацыях.​
  • БПЦ адмежавалася ад заяваў Арцемія і назвала іх выказваньнем асабістай грамадзянскай пазыцыі.​

https://www.svaboda.org/ (правапіс сайту)