Роберт Тышкевіч пра санкцыі і польскую меншасць



„Беларусь патрабуе салідарнасці, і Еўрапейскі звяз абавязаны як мага хучэй прыняць чацвёрты пакет санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі”, – кажа дэпутат польскага Сейму Роберт Тышкевіч.

Палітык шмат гадоў займаецца пытаннямі, звязанымі з Беларуссю і сітуацыяй польскай меншасці ў Беларусі:

– Маю надзею, што гэты чацвёрты пакет санкцый будзе пакетам больш адэкватным адносна таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі, адносна ўзроўню рэпрэсій і ўзроўню пераследу, чым ранейшыя санкцыйныя пакеты з боку Еўрапейскага звязу. Хутка пра гэта дазнаемся. Лічу, што гэта ляжыць у сферы прыстойнасці еўрапейскай палітыкі. Гэта мае быць цвёрды адказ, цвёрды націск на дзеянні і пераслед, якія сёння чыніць у Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

На думку польскага палітыка, любыя акты салідарнасці з Беларуссю, канцэрты альбо пікеты на мяжы, абавязкова будуць пачутыя ў Еўропе і могуць паўплываць на тое, што санкцыі будуць больш жорсткімі. Чацвёрты пакет санкцый Еўразвязу мае быць зацверджаны 21 чэрвеня на пасяджэнні Рады міністраў замежных спраў краін-чальцоў Еўразвязу.

„Гэта, безумоўна, правакацыя”, – Роберт Тышкевіч таксама пракаментаваў апошнюю інфармацыю адносна польскай школы ў Гародні. Першапачаткова ў СШ №36 планавалі набраць тры першыя польскія класы, але гарадскія ўлады вырашылі іначай: адзін клас мае быць беларускамоўны. У Гародні – больш за 200 сярэдніх школ, таму паўстае пытанне, чаму беларускі вырашылі адкрыць акурат у польскай школе – задаецца пытаннем палітык:

– Гэта правакацыя. Гэта частка рэпрэсій супраць польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, гэта парушэнне і беларускага, і міжнароднага заканадаўства, і тых паразуменняў, якія Польшча і Беларусь раней дасягнулі. Пасля арышту польскіх актывістаў, пасля правакацыйнага ўсталявання дня 17 верасня дзяржаўным святам, гэта чарговы крок супраць польскай меншасці ў Беларусі і яе законных правоў.

Робэрт Тышкевіч у польскім Сейме ўваходзіць у камісію па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў. Ён запэўнівае, што польскі бок будзе пратэставаць супраць пераследу польскай нацменшасці ў Беларусі, якая церпіць таксама, як і ўсё беларускае грамадства.

Беларускае Радыё Рацыя