На валютным рынку Беларусі сітуацыя найбліжэйшым часам можа змяніцца



Сітуацыя на валютным рынку найбліжэйшым часам можа змяніцца ў выпадку ўвядзення Захадам жорсткіх санкцый у дачыненні да Беларусі. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы апошнія статыстычныя дадзеныя пра становішча на валютным рынку і з золатавалютнымі рэзервамі.

Як паведамлялася, за красавік-травень на фоне росту чыстай прапановы замежнай валюты з боку прадпрыемстваў золатавалютныя рэзервы павялічыліся на 11,9%, або на 823,1 млн даляраў, да 7,76 млрд даляраў на 1 чэрвеня.

На думку экспертаў, чысты продаж валюты з боку прадпрыемстваў вырас па некалькіх прычынах.

„Фундаментальная прычына — станоўчае сальда знешняга гандлю, гэта значыць, экспартная выручка перавышае плацяжы ў аплату імпарту. Акрамя гэтага, мабыць, паўплывалі на сітуацыю і кан’юнктурныя фактары”, — адзначыў у каментары БелаПАН суразмоўца ў фінансавых колах.

Эксперт звярнуў увагу, што ў красавіку прадпрыемствы выплачвалі квартальныя падаткі, і для выканання абавязацельстваў перад дзяржавай прадпрыемствам патрабавалася больш рублёў. „А ў маі назіралася ўмацаванне курсу рубля, што, мабыць, вяло да зніжэння дэвальвацыйных чаканняў у рэальным сектары эканомікі, таму прадпрыемствы па-ранейшаму больш прадавалі валюты, чым куплялі”, — адзначыў суразмоўца БелаПАН.

Пры гэтым фінансавыя аналітыкі мяркуюць, што найбліжэйшым часам сітуацыя на валютным рынку можа змяніцца ў выпадку прыняцця краінамі ЕЗ 21 чэрвеня жорсткіх санкцый у дачыненні да Беларусі. Нагадаем, новы пакет санкцый у Бруселі разглядаецца са снежня мінулага года, і ён прадугледжвае, што з-за парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да Беларусі могуць уводзіцца ў тым ліку эканамічныя санкцыі.

„Глыбіня такіх санкцый можа змяніць стан валютнага рынку і прывесці да павелічэння куплі валюты як прадпрыемствамі, так і насельніцтвам”, — выказаў меркаванне ў каментары БелаПАН старшы аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб.

Па гэтай прычыне эканамісты бачаць два магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі на валютным рынку Беларусі.

„Калі новыя заходнія санкцыі не закрануць буйных прадпрыемстваў (донараў бюджэту), то ўплыў санкцый на эканоміку і валютны рынак не будзе драматычным”, — выказаў меркаванне ў каментары БелаПАН фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

У адваротным выпадку — калі Еўразвяз увядзе жорсткія санкцыі ў дачыненні да Беларусі — яны будуць мець сур’ёзныя наступствы, лічаць эксперты.

„Калі санкцыі закрануць нафтаперапрацоўку, калійныя ўгнаенні, калі заходнім інвестарам пачнуць забараняць мець у партфелі беларускія дзяржаблігацыі, то такі паварот падзей адназначна будзе ўплываць і на эканоміку, і на валютны рынак”, — рэзюмаваў Муха.

belapan.by