Санкцыі Еўразвязу ўсё ж “забалелі” уладам Беларусі
За апошні тыдзень у СМІ некалькі разоў з’явілася інфармацыя пра тое, што палітвязням прапануюць пісаць прашэнні аб памілаванні або прашэнні аб вызваленні. Такія настойлівыя прапановы паступаюць не толькі тым, хто ўжо асуджаны і знаходзіцца ў калоніях, але таксама людзям у СІЗА, якія толькі чакаюць суда. Як пісаў тэлеграм-канал “Нашай Нівы”, прыходзяць нібыта прадстаўнікі “Чырвонага крыжа” і настойліва ўгаворваюць пісаць прашэнні і выходзіць на свабоду. Раней маці аднаго з палітвязняў паведаміла, што ў канцы траўня ў віцебскую калонію “Віцьба-3” прыязджаў пракурор з Менску і прасіў вязняў падпісаць такое прашэнне. Дарэчы, у “Чырвоным Крыжы” на просьбу журналістаў пракаментаваць інфармацыю, запэўнілі, што іх супрацоўнікі не маюць доступу да месцаў зняволення, а могуць толькі аказваць гуманітарную дапамогу вязням. Зноў жа паводле не пацверджанай інфармацыі, у абмен на прашэнні вязняў абяцаюць вызваліць да 3 ліпеня.
І калі гэта сапраўды так, то сведчыць пра адно: санкцыі Еўразвязу ўсё ж “забалелі” уладам Беларусі, хоць тыя праз БТ і даводзяць, што ўсё ў парадку, а санкцыі нібыта як “укус камара”. Дый закрыццё паветранай прасторы балюча адаб’ецца на дзяржаўным бюджэце. Да таго ж, ужо 21 чэрвеня на пасяджэнні Рады міністраў замежных спраў Еўразвяз абяцае зацвердзіць новыя, адрасныя санкцыі да рэжыму Лукашэнкі, якія могуць закрануць самыя важныя галіны беларускай эканомікі. Магчыма, у апошнім момант рэжым спрабуе “адкруціць” сітуацыю назад, маўляў, выпусцім сотню-другую вязняў, а палітвязняў ужо амаль паўтысячы ў Беларусі, запэўнім, што будзем выпраўляцца, і ўсё вернецца на месца. Дарэчы, так ужо было і раней. Але відавочна гэтым разам не атрымаецца. Крытычнай кропкай і катастрафічнай памылкай для афіцыйнага Менска стала пасадка самалёта Ryanair у Менску і арышт блогера Рамана Пратасевіча ды яго дзяўчыны. Унутраныя праблемы Беларусі – гэта адна рэч, але міжнародная бяспека – ужо зусім іншая. Калі б не той злашчасны Ryanair, то верагодна Еўразвяз бы не спяшаўся і з новымі санкцыямі, а беларускае пытанне пачало б паступова зыходзіць з еўрапейскай “павесткі дня”. Нядаўна і дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская прызнавала, што пачынаючы са студзеня стала вельмі цяжка “нешта там рабіць, прабіваць сцяну”, маючы на ўвазе краіны ЕЗ. Зразумела, былі словы і запэўніванні, але мала канкрэтных і рашучых мераў. 21 чэрвеня дазнаемся, ці гэтыя меры ўсё ж будуць прынятыя.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя