Сітуацыю ў Беларусі абмяркуюць удзельнікі сённяшняга саміту НАТА ў Бруселі
Сустрэча лідараў Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТА) пройдзе сёння, 14 чэрвеня, у Бруселі. Раней генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заяўляў, што ў ліку іншых тэм на саміце будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Беларусі, у прыватнасці, рэакцыя краін блока на інцыдэнт з пасадкай самалёта Ryanair у Менску.
3 чэрвеня на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Літвы Інгрыдай Шыманіце Столтэнберг ахарактарызаваў інцыдэнт як „дзяржаўны захоп пасажырскага самалёта”, які ўяўляецца НАТО „небяспечнай і непрымальнай акцыяй”.
„Усе саюзнікі па НАТА рашуча асуджаюць арышт журналіста Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Сафіі Сапегі. Мы настойваем на іх неадкладным вызваленні. Мы таксама падтрымліваем санкцыі, уведзеныя ЗША, ЕЗ і іншымі саюзнікамі па НАТА. Я ўпэўнены, што на нашым саміце мы абмяркуем гэтыя непрымальныя дзеянні, а таксама безадказныя паводзіны Расеі”, — заявіў ён.
У апублікаваным 6 чэрвеня інтэрв’ю газеце Welt am Sonntag Столтэнберг пацвердзіў, што на саміце НАТА будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Беларусі. Паводле яго слоў, будзе перагледжанае існае пагадненне аб партнёрстве з Беларуссю, якое ўжо ў значнай ступені замарожанае.
Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван падчас закрытай сустрэчы з прэсай 13 чэрвеня паведаміў, што Джо Байдэн мае намер на палях саміту НАТА абмеркаваць з лідарамі краін Балтыі ў тым ліку „нядаўняе паветранае пірацтва ў Беларусі”.